Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі працягваюць пратэст супраць будоўлі ў менскім сквэры


Каля 15 чалавек сабраліся ўвечары 22 студзеня, каб спыніць будоўлю і высяканьне дрэваў у Грушаўскім сквэры ў Менску.

Нядаўна кампанія-забудоўшчык «Датч Стар» пачала тут будаваць дадатковыя сэкцыі шматпавярховага будынку. Каб пабудаваць дадатковыя 4 пад’езды, плянуецца высекчы 40 дрэваў.

Жыхары раёну напісалі калектыўную скаргу на Менгарвыканкам у пракуратуру, але скаргу «спусьцілі» назад у Менгарвыканкам для далейшага разгляду.

Мясцовыя жыхары кажуць, што раней, паводле праекту, тут плянавалі пабудаваць дзіцячы садок, але зь неназваных прычын у будаўніцтве адмовілі. Тлумачыць жыхарка раёну Кацярына Бусел:

«Мы зьвярнуліся ў адпаведныя інстанцыі наконт таго, што будаўнікі, якія з раніцы пачалі ўсталёўваць плот, парушалі тэхніку бясьпекі. Акрамя гэтага, ёсьць актывісты, якія шукаюць адваката, і мы настроеныя ісьці ў суд. Ёсьць людзі, якія гатовыя гэта фінансаваць, звычайныя грамадзяне. Проста трэба вырашыць, як граматна гэта зрабіць. Застаецца толькі суд».

23 студзеня мясцовыя жыхары зьбіраюцца ісьці на сустрэчу з прадстаўнікамі адміністрацыі разьмешчанай паблізу школы № 3, каб абмеркаваць сытуацыю са сквэрам.

Чаму людзі супраць?

Грушаўскі сквэр — паміж шматпавярховікамі каля станцыі мэтро «Грушаўка». Кампанія «Датч Стар», паводле мясцовых жыхароў, насуперак праекту дэталёвага плянаваньня вырашыла дабудаваць жылы комплекс «Гранд Хаўс». Новая будоўля закране частку Грушаўскага сквэру.

У відэазвароце да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі мясцовыя жыхары кажуць, што без абмеркаваньня з жыхарамі раёну ўлады аддалі ўчастак сквэру дзеля «асабістых, карысьлівых інтарэсаў».

Два з паловай гады яны зьвярталіся ў Менгарвыканкам, адміністрацыю Маскоўскага раёну, пракуратуру, Міністэрства прыродных рэсурсаў.

У відэазвароце да Лукашэнкі яны просяць захаваць «адзіны зялёны астравок гістарычнай Грушаўкі». Кампанію «Датч Стар» яны заклікалі выконваць законы, а не асабістыя інтарэсы.

За апошнія два гады сквэр урэзалі амаль на чвэрць: з 2,16 га да 1,72 га.

Від на будаўнічую пляцоўку з навабуду каля Грушаўскага сквэру
Від на будаўнічую пляцоўку з навабуду каля Грушаўскага сквэру

Што кажа забудоўшчык — «Датч Стар»?

У кампаніі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што ў красавіку 2018 году Менгарвыканкам скарэктаваў плошчу Грушаўскага сквэру, а «Датч Стар» атрымала ўсе неабходныя дакумэнты для дазволу будоўлі.

«На падставе гэтых дакумэнтаў мы цяпер пачалі агароджваньне тэрыторыі і падрыхтоўку пляцоўкі ў 0,8 га для будаўніцтва», — сказала Алена, прадстаўніца кампаніі.

Дадаткова 0,6 га з Грушаўскага сквэру Менгарвыканкам выдзеліў кампаніі для добраўпарадкаваньня. Там плянуецца паставіць «малыя архітэктурныя формы, ляндшафтныя элемэнты, зрабіць азеляненьне, асьвятленьне і пешаходныя дарожкі».

У кампаніі кажуць, што ў зону будоўлі трапляе каля 80 дрэваў у сквэры.

«Большая частка зь іх захоўваецца, каля 15 дрэваў будзе перасаджана на тэрыторыі сквэру. Каля 10 дрэваў знаходзяцца ў дрэнным стане. У якасьці кампэнсацыі каля 150 дрэваў пасадзім у сквэры і яшчэ 50 — у зоне будоўлі», — сказала Алена.

Пад азеляненьне трапіць тэрыторыя цяперашняй часовай паркоўкі.

Часовая паркоўка каля Грушаўскага сквэру
Часовая паркоўка каля Грушаўскага сквэру

«Землі пад будаўніцтва выдзяляюцца ня проста на наша жаданьне. Мы разумеем занепакоенасьць людзей. Але межы Грушаўскага сквэру скарэктаваныя на 18%. Уся астатняя тэрыторыя застаецца. Да таго ж сюды дадаецца тэрыторыя для добраўпарадкаваньня з кампэнсацыйнымі пасадкамі.Таму мы забясьпечваем рост зялёных насаджэньняў. Таксама мы будзем будаваць дзіцячы садок», — рэагуюць у кампаніі на пратэсты жыхароў раёну.

Атрымаць камэнтары ў Менгарвыканкаме карэспандэнту Свабоды пакуль не ўдалося.

Чым сустрэлі ў адміністрацыі Маскоўскага раёну?

Сёньня мясцовыя жыхары спрабавалі высьветліць у кіраўніцы адміністрацыі Маскоўскага раёну Тацяны Калядкі, чаму пасьля іхнага відэазвароту да Лукашэнкі будаўнікі пачалі агароджваць пляцоўку.

«Пасьля гэтага пачнуць пілаваць дрэвы, — сказаў карэспандэнту Свабоды адзін з удзельнікаў сустрэчы. — Мы хацелі даведацца: на якіх падставах гэта адбываецца? Які плян дэталёвага праектаваньня і пашпарт на сквэр? Нам не паказалі ніводнай паперы, спаслаўшыся на тое, што гэта рашэньне Менгарвыканкаму і яны ня могуць яго камэнтаваць».

Жыхарам у адміністрацыі Маскоўскага раёну сказалі, што будаўнікі сьпілуюць 40 дрэваў.

«У адміністрацыі нам сказалі, што новы плян і пашпарт на сквэр зацьвердзяць пасьля заканчэньня будаўніцтва. Але гэта парушэньне заканадаўства. Адна з чыноўніц сказала — маўляў, вы ж разумееце, законы жывыя, яны пасьля мяняюцца».

Жыхары таксама кажуць, што сын намесьніка старшыні адміністрацыі раёну працуе ў фірме-забудоўшчыку. А сам намесьнік ім казаў — маўляў, «сына не чапайце, ён там працуе дробным клеркам за 700 рублёў».

Мясцовы жыхар Антон Матвейчык сказаў карэспандэнту Свабоды, што будаўніцтва на тэрыторыі часткі сквэру незаконнае. Пра гэта ён казаў і кіраўніцтву Маскоўскай адміністрацыі Менску.

«Прыкладна палова выдзеленага пад будоўлю ўчастку трапляе пад тэрыторыю, на якой не прадугледжаная забудова па дзейным праекце дэталёвага плянаваньня. Праект з 2004 году не мяняўся. Ён можа быць зьменены толькі пасьля грамадзкага абмеркаваньня. А на маё пытаньне, чаму гэта адбываецца, яны спасылаюцца на рашэньне Менгарвыканкаму. Рашэньне аб выдзяленьні ўчастку не паказалі. Маўляў, калі яно не падабаецца, зьвяртайцеся ў суд. То бок прэтэнзіі трэба прад’яўляць гарвыканкаму. Карысьці ад сёньняшняй сустрэчы няма, новай інфармацыі таксама», — сказаў Антон.

Адзінае, паводле Антона, — у адміністрацыі паабяцалі, што бліжэйшым часам абвесьцяць пра грамадзкае абмеркаваньне пляну дэталёвага будаўніцтва, якое было адменена ў сьнежні мінулага году.

Грушаўскі сквэр
Грушаўскі сквэр

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG