Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнікі ў цемры ставяць плот вакол Грушаўскага сквэру. Жыхары выклікаюць міліцыю. ФОТА

абноўлена

Увечары 21 студзеня будаўнікі пачалі агароджваць плотам Грушаўскі сквэр. Гэтаму папярэднічаў відэазварот жыхароў менскага раёну да Аляксандра Лукашэнкі.

Мясцовы жыхар Дзяніс Бандарчык паведаміў Свабодзе, што мясцовыя жыхары напісалі ў РАЎС Маскоўскага раёну зварот пра тое, што плот спрабуюць пабудаваць незаконным чынам дзеля таго, каб высекчы дрэвы ў сквэры.

Мясцовыя жыхары падышлі да будаўнікоў і папрасілі паказаць паперы з дазволам на ўсталяваньне плоту. Тыя адмовіліся гэта зрабіць. Тады жыхары выклікалі міліцыю, потым паехалі ў пастарунак, дзе напісалі заяву пра незаконную высечку дрэваў. Паводле Дзяніса Бандарчыка, будаўнікі адмовіліся і міліцыянтам паказаць паперы.


Жыхары менскага раёну Грушаўка баяцца, што значная частка Грушаўскага сквэру можа быць зьнішчаная ў найбліжэйшыя дні. Пасьля беспасьпяховых скаргаў у шматлікія інстанцыі яны запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі.

Усе інстанцыі ад адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску да адміністрацыі Лукашэнкі далі толькі «фармальныя адпіскі», сьцьвярджаюць актывісты. Грушаўку тым часам «ушчыльняюць» забудовай, дрэвы высякаюць, хоць Маскоўскі раён ужо найгоршы ў Менску ў азеляненьні.

Пратэст выклікала тое, што кампанія «Датч Стар» у канцы 2017 сабралася дабудаваць да жылога комплексу «Гранд Хаўз» яшчэ чатыры пад’езды на месцы часткі Грушаўскага сквэру насуперак праекту дэталёвага плянаваньня.

Менгарвыканкам у 2018 годзе зьменшыў плошчу сквэру пад будаўніцтва, у сьнежні 2019-га анансаваў, але затым скасаваў грамадзкія абмеркаваньні новага праекту дэталёвага плянаваньня — праект вырашылі яшчэ дапрацаваць. Ды на кадастравай мапе ад сквэру ўжо «адсяклі» ўчастак пад будаўніцтва.

У студзені мясцовыя жыхары павязалі шалікі на дрэвы ў сквэры — заклікалі беражліва ставіцца да прыроды. Ужо на наступны дзень камунальнікі «распранулі» дрэвы.

Будоўля і часовая паркоўка на тэрыторыі жылога комплексу
Будоўля і часовая паркоўка на тэрыторыі жылога комплексу


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG