Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты ў Сэнаце ЗША другі дзень выступаюць з аргумэнтамі за імпічмэнт


Кангрэсмэн Адам Шыф, які ўзначальвае каманду абвінаваўцаў

23 студзеня ў Сэнаце праходзіць другое з трох пасяджэньняў, адведзеных для выступленьняў абвінаваўцаў.

Мэнэджэры па імпічмэнце ў чацьвер працягваюць пераказ аргумэнтаў, імкнучыся даказаць, што «карупцыйная схема», якую, паводле іх, стварыў прэзыдэнт Дональд Трамп, адпавядае прапісаным у Канстытуцыі падставам для імпічмэнту.

«Мы прадставілі справу. Мы прайшліся па храналёгіі, — заявіў увечары ў сераду кангрэсмэн Адам Шыф, які ўзначальвае каманду абвінаваўцаў. — А (ў чацвер) мы супаставім факты з законам у пляне злоўжываньня паўнамоцтвамі з боку прэзыдэнта».

Перадгісторыя

У сьнежні Палата прадстаўнікоў падвергла Трампа імпічмэнту па двух артыкулах: злоўжываньне паўнамоцтвамі і перашкода працы Кангрэсу.

У мэнэджэраў па імпічмэнце, якія выконваюць ролю пракурораў, ёсьць тры дні на тое, каб прадставіць свае аргумэнты, перш чым слова будзе дадзена камандзе адвакатаў прэзыдэнта.

Што адбылося ў сераду

У сераду дэмакраты абвінавацілі Трампа ў стварэньні «карупцыйнай схемы» па аказаньні ціску на Ўкраіну, з тым каб яна расьсьледавала дзейнасьць яго палітычнага суперніка, былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна. На думку абвінаваўцаў, гэта рабілася з адзінай мэтай — «падманам» дамагчыся перавыбраньня ў гэтым годзе.

«Прэзыдэнт прадэманстраваў, што ён лічыць сябе вышэй за закон і з пагардай ставіцца да абмежаваньняў», — заявіў сэнатарам кіраўнік камітэта Палаты прадстаўнікоў па выведцы Адам Шыф, прадстаўляючы справу.

Шыф заявіў, што прэзыдэнт заблякаваў ухваленую Кангрэсам ваенную дапамогу Ўкраіне, «краіне, якая знаходзіцца ў стане вайны з Расеяй», у памеры 391 мільён даляраў, адначасова патрабуючы ад прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага пачаць расьсьледаваньне ў дачыненьні да Байдэна — аднаго зь вядучых апанэнтаў Трамп на выбарах.

Трамп таксама запатрабаваў правесьці расследаваньне ў дачыненьні да сына Байдэна, Гантэра, у сувязі зь яго працай ва ўкраінскай газавай кампаніі.

Шыф заявіў, што Трамп прасіў замежнага лідэра «зрабіць для яго палітычную брудную працу», у выглядзе расьсьледаваньня дзеяньняў Байдэна.

«Ніякіх сур’ёзных спрэчак з нагоды асноватворных фактаў няма», — заявіў Шыф, дадаўшы, што замест гэтага адвакаты Белага дома настойваюць на тым, што Трамп проста ня можа быць адхілены ад пасады за злоўжываньне паўнамоцтвамі прэзыдэнта.

У выніку Трамп разблякаваў ваенную дапамогу Ўкраіне, хоць Зяленскі так і не пачаў расьсьледаваньне ў дачыненьні да Байдэна. На думку рэспубліканцаў, гэта даказвае, што Трамп не ўступаў ва ўгоду з Украінай па прынцыпе «паслуга за паслугу».

Пасьля Шыфа перад сэнатарамі выступілі іншыя мэнэджэры па імпічмэнце.

Старшыня юрыдычнага камітэта Джэральд Надлер казаў пра «брудную кампанію», нібыта разгорнутай Трампам ў дачыненьні да былога пасла ЗША ў Украіне Мары Іванавіч, якая адмовілася падтрымліваць намаганьні па арганізацыі расьсьледаваньня ў дачыненьні да Байдэна.

Слуханьні без гаджэтаў

Заканадаўцам, якія ўдзельнічаюць у шматгадзінных слуханьнях з нагоды імпічмэнту, цалкам забаранілі карыстацца электроннымі гаджэтамі, уключна з мабільнымі тэлефонамі.

Правілы правядзеньня слуханьняў, якія абавязваюць сэнатараў слухаць выступленьні сьпікераў у поўнай цішыні, былі створаны з мэтай засяродзіць увагу заканадаўцаў на вырашэньні найважнейшай задачы, якая цяпер знаходзіцца ў іх руках.

Слова за абаронай Трампа

У адпаведнасьці з рэглямэнтам, вакол якога таксама вяліся спрэчкі, дэмакраты і абарона Трампа атрымаюць па 24 гадзіны на працягу трох дзён на прадстаўленьне сваіх аргумэнтаў.

Чакаецца, што абарона Трампа пачне прадстаўляць свае аргумэнты ў суботу.

Тым ня менш, Трамп амаль напэўна будзе апраўданы. Для адхіленьня яго ад пасады патрабуецца дзьве траціны галасоў 100-мясцовага Сэната. Але рэспубліканцы валодаюць большасьцю ў 53 галасы, і пакуль ніхто зь іх не заклікаў да яго адхіленьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG