Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Чудзянцоў застаецца за кратамі. Ягоны сябар папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы


Уладзімір Чудзянцоў
Уладзімір Чудзянцоў

Журналіста абвінавачваюць у сэксуальным гвалце над непаўналетнім, а таксама ў захоўваньні і незаконным перамяшчэньні празь мяжу наркатычных рэчываў.

21 студзеня скончыўся 2-месячны тэрмін зьняволеньня журналіста Ўладзімера Чудзянцова. Як паведаміў Свабодзе адвакат Уладзімера Чудзянцова Аляксандар Галіеў, яго пакінулі пад вартай.

«Тэрмін арышту працягнуты яшчэ на месяц, — сказаў адвакат. — Іншых навін пакуль няма. Уладзімер пачуваецца нармальна, ён па-ранейшаму пад вартай у Берасьці. Сьледчыя дзеяньні ў гэтым годзе зь яго ўдзелам пакуль не праводзіліся. Гэта ўсё, што магу цяпер сказаць».

Па словах адваката, у справе Ўладзімера Чудзянцова прызначылі яшчэ шэраг экспэртыз, сьледчыя чакаюць іхніх вынікаў.

«Папрасіў палітычнага прытулку»

Раман Пратасевіч, адзін з бліжэйшых сяброў і паплечнікаў Уладзімера Чудзянцова, неўзабаве пасьля затрыманьня журналіста распачаў кампанію збору сродкаў на аплату паслуг адваката. Як сказаў Пратасевіч Свабодзе, празь нейкі час пасьля гэтага ён быў вымушаны зьехаць з краіны і папрасіць палітычнага прытулку ў Польшчы.

«Я пачаў інфармацыйную хвалю ў абарону Ўладзімера, — расказвае Пратасевіч. — Збор грошай таксама каардынаваў, усё ішло празь мяне. І ў некаторы момант пачаў заўважаць нешта дзіўнае. Пачаліся праблемы з сувязьзю, каля пад’езду былі незразумелыя аўтамабілі ўвесь час. Усё было досыць падазрона. Аднойчы мне пазваніла маці і сказала, што ў пад’езьдзе стаяць невядомыя людзі. І што яны, найхутчэй, чакаюць мяне. Я зразумеў, што гэта ня проста так, і вырашыў зьяжджаць. Зьяжджаў праз Маскву, дабіраўся туды на двух аўтамабілях, выключыўшы загадзя тэлефон».

Дакумэнты на атрыманьне палітычнага прытулку Раман Пратасевіч падаў 22 студзеня. Па словах журналіста, ён ня меў дачыненьня да стварэньня фільму «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», які апублікаваны на youtube-канале Nехта. Але ён ведаў ад Чудзянцова, што над ім ідзе праца. Таксама Пратасевіч настойвае, што ня ўдзельнічаў у працы над тэлеграм-каналам Nехта.

Раман Пратасевіч
Раман Пратасевіч

«Я быў вельмі зьдзіўлены, калі зьявілася гэтая гісторыя з артыкулам 167 у дачыненьні да Ўладзімера, — дадае Пратасевіч. — Я даўно ведаю гэтага чалавека. Мы пазнаёміліся, калі мне было 15 гадоў. І калі б ён меў такія схільнасьці, то я б дакладна іх заўважыў. Нічога такога не адбывалася, нават жартаў ніякіх не было».

Па словах Рамана Пратасевіча, на дадзены момант збор сродкаў на аплату адваката для Ўладзімера Чудзянцова спынены, сабраная ўся сума — 10 тысяч рублёў. Пры патрэбе Пратасевіч гатовы распачаць новы збор.

Хто такі Ўладзімер Чудзянцоў

У 1990-я Ўладзімер Чудзянцоў пад сваім тагачасным прозьвішчам Зуеў пісаў у дзяржаўных газэтах пра лідэраў апазыцыі. У «Народнай газеце» ён пад псэўданімам апублікаваў артыкул «Пятае вымярэньне Генадзя Карпенкі». Тады Генадзь Карпенка падаў у суд і запатрабаваў доказы «махінацый», пра якія гаварылася ў артыкуле.

На судзе высьветлілася, што матэрыял пісаў Уладзімер Зуеў на падставе дакладной запіскі «з грознага і буйнога ведамства».

Напрыканцы 1990-х Чудзянцоў (Зуеў) даў інтэрвію «Свабодным навінам», дзе расказаў, як спрычыніўся да фэйкавых улётак ад імя нібыта БНФ з заклікам запасацца камянямі і штурмаваць дзяржаўныя будынкі. Да 2010 году імя Зуева зьнікла з публічнай прасторы.

У 2010 годзе Ўладзімер Чудзянцоў стаў гарадзкім рэпартэрам Tut.by. Прозьвішча ён афіцыйна зьмяніў. Інфармацыя пра ягонае мінулае ўсплыла на фоне канфлікту Чудзянцова з кіраўніцтвам рэсурсу charter97.org. Яны ж раскапалі і апублікавалі факты пра ягонае мінулае. Чудзянцоў яшчэ некаторы час працаваў пасьля гэтага на Tut.by, хоць інтэрнэт-супольнасьць настойвала на яго звальненьні, што ў выніку і адбылося.

46-гадовы Ўладзімер Чудзянцоў апошнім часам займаўся сваім сайтам by24.org. Праект быў разьлічаны на клікбэйтныя загалоўкі. Пасьля канфлікту ва Ўкраіне ў 2014 годзе на сайце прасочвалася яўная антырасейская пазыцыя, Чудзянцоў не хаваў падтрымкі Ўкраіне, дапамагаў добраахвотным батальёнам.

Блогер NEXTA заявіў, што Чудзянцоў таксама дапамагаў яму з кантэнтам для ягонага тэлеграм-каналу.

21 лістапада 2019 году Ўладзімера Чудзянцова затрымалі на беларускай мяжы па дарозе ў Варшаву. Падчас мытнага кантролю ў рэчах журналіста знайшлі пакецік з наркатычным рэчывам. Яму выставілі абвінавачаньні паводле часткі 1 артыкулу 328 КК РБ — «незаконныя бяз мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналягаў», а таксама ч. 1 артыкула 328-1 «незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў».

10 студзеня 2020 году Сьледчы камітэт паведаміў, што супраць Чудзянцова пачалі крымінальную справу за «гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да заведама непаўналетняга» паводле ч. 2 арт. 167 Крымінальнага кодэксу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG