Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: журналіста Чудзянцова абвінавацілі ў сэксуальным гвалце над непаўналетнім

абноўлена

Уладзімер Чудзянцоў, здымак 2019 году

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Сьледчага камітэту. Журналіст на дадзены момант знаходзіцца ў берасьцейскім СІЗА па абвінавачаньні ў іншым злачынстве.

Што напісалі сьледчыя?

  • Супраць Чудзянцова пачалі крымінальную справу за «гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да заведама непаўналетняга» паводле ч. 2 арт. 167 Крымінальнага кодэксу.
  • На момант публікацыі праводзяцца неабходныя сьледчыя і працэсуальныя дзеяньні.
  • Да крымінальнай справы далучылі матэрыялы праверкі супраць Чудзянцова па іншым факце зьдзяйсьненьня ім у 2016 годзе дзеяньняў сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту, вядзеньне па якой адноўлена ў сьнежні мінулага году Генэральнай пракуратурай.
  • Сьледчыя правяраюць матывы працаўладкаваньня Ўладзімера Чудзянцова ў 2006 годзе машыністам (качагарам) кацельні ў адну са школ-інтэрнатаў Беларусі для дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця і неаднаразовыя факты пошуку ім непаўналетніх праз сацыяльныя сеткі і сайты знаёмстваў.

Праверку Сьледчы камітэт пачаў з уласнай ініцыятывы пасьля публікацыі ў выданьні «Наша Ніва». Па інфармацыі Свабоды, атрыманай ад адваката Ўладзімера Чудзянцова Аляксандра Галіева, журналіст віны па новым абвінавачваньні не прызнае і лічыць гэтую справу працягам ціску на яго з боку праваахоўных органаў.

На дадзены момант Уладзімер Чудзянцоў знаходзіцца ў СІЗА Берасьця, куды трапіў 21 лістапада пасьля спробы выехаць у Польшчу. Сябры і родныя Ўладзімера Чудзянцова зьвязваюць яго арышт з удзелам у падрыхтоўцы фільму блогера Nexta «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы».

Што здарылася

Журналіста Ўладзімера Чудзянцова затрымалі на беларуска-польскай мяжы 21 лістапада падчас мытнага надгляду. Чудзянцоў ехаў цягніком у Варшаву, супрацоўнікі мытні знайшлі ў ягоных рэчах наркатычнае рэчыва — 0,87 грама марыхуаны. Празь дзень сьледчыя з СК правялі вобшук у менскай кватэры Чудзянцова. Там таксама знайшлі марыхуану — 6,02 грама.

30 лістапада Чудзянцову прад’явілі абвінавачаньні паводле часткі 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі («незаконныя бяз мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсараў або аналягаў», а таксама ч. 1 артыкула 328-1 («незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсараў ці аналягаў»).

9 сьнежня 2019 году стала вядома, што ў дачыненьні да Ўладзімера Чудзянцова праводзяць праверку паводле артыкула 167 Крымінальнага кодэксу (гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару). Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў адвакат Чудзянцова Аляксандар Галіеў. Прычынай праверкі стала публікацыя ў выданьні «Наша Ніва», герой якой на ўмовах ананімнасьці расказаў, што стаў ахвярай сэксуальнага гвалту з боку «журналіста Ч.».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG