Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы каранавірус выявілі і ў ЗША. У Кітаі ад яго памерлі 9 чалавек


Мэдыцынскія работнікі дастаўляюць пацыента ў бальніцу, дзе праходзяць лекаваньне пацыенты, інфікаваныя новым вірусам. Ухань, 18 студзеня 2020 году

У ЗША зарэгістраваны першы выпадак захворваньня, выкліканага новым каранавірусам з Кітаю. Захварэў мужчына з штату Вашынгтон. 15 студзеня ён вярнуўся з кітайскага гораду Ўхань, дзе вірус выявілі ўпершыню.

Цэнтар кантролю і прафіляктыкі захворваньняў ЗША пацьвердзіў, што ў мужчыны дыягнаставалі каранавірус, гэта адбылося 20 студзеня. Экспэрты цэнтру чакаюць новых выпадкаў як у ЗША, так і ва ўсім сьвеце.

Ад пнэўманіі, выкліканай новым каранавірусам, памерлі ўжо дзевяць чалавек, улады Кітаю афіцыйна пацьвердзілі 440 выпадкаў захворваньня, паведамляе Reuters са спасылкай на намесьніка кіраўніка дзяржаўнага камітэту КНР ў пытаньнях гігіены і здароўя Лі Біня.

Вірус перадаецца ад чалавека да чалавека

Кітайскія ўлады прызналі, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека. Зарэгістраваныя як мінімум два выпадкі такога заражэньня па-за межамі бальніц у Кітаі: адзін — у Гуандуне, другі — ва Ўхані. Таксама вядома пра 14 выпадкаў заражэньня мэдыкаў, якія надавалі дапамогу людзям, якія заразіліся вірусам 2019-nCoV.

Як абараніцца ад каранавіруса

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) 22 студзеня правядзе экстраннае пасяджэньне камітэту экспэртаў, каб ацаніць, ці ўяўляе новы вірус глябальную пагрозу. Пакуль рэкамэндацыі СААЗ зводзяцца да таго, каб трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса.

Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.

Як засьцерагаюцца ў Беларусі і сьвеце

У Беларусі ўзмацнілі прафіляктычныя захады ў сувязі з успышкай у Кітаі каранавірусу 2019-nCoV.

Прафіляктыка захворваньня накіраваная найперш на тых, хто едзе ў Беларусь з краінаў зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй. У нацыянальным аэрапорце Менск і рэгіянальных аэрапортах арганізавалі санітарна-каранцінны кантроль пасажыраў з краінаў, дзе выявілі захворваньне, у тым ліку з прымяненьнем цеплавізійнага абсталяваньня. Турапэратарам рэкамэндуюць папярэджваць грамадзянаў, якія выяжджаюць з краіны.

Узмацнілі захады бясьпекі ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавіруса і ў аэрапортах ЗША, Аўстраліі, Японіі, Расеі ды іншых краінаў: супрацоўнікі аэрапорта з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі».

Што за новы вірус

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань ў сьнежні 2019 году. Спачатку паведамлялі, што ў кітайскім горадзе Ўхань была зарэгістраваная ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавіруса.
  • Улады Кітаю афіцыйна пацьвердзілі ўжо 440 выпадкаў захворваньня. Брытанскія экспэрты з Цэнтру глябальнага аналізу інфэкцыйных захворваньняў пры Імпэрскім каледжы Лёндана лічаць, што на самай справе колькасьць хворых можа перавышаць 1,7 тысячы чалавек.
  • 11 студзеня была зафіксаваная першая сьмерць ад хваробы.
  • 20 студзеня першы выпадак захворваньня на новы тып каранавірусу зафіксавалі ў Паўднёвай Карэі, 16 студзеня —​ пацьвердзілі ў Японіі, 13 студзеня — у Тайляндзе, 21 студзеня —​ на Тайвані.
  • Распаўсюджваньне вірусу з Ухані параўноўваюць з другой успышкай каранавірусу ў Кітаі — SARS-CoV або атыповай пнэўманіі — у 2002-2003 гадах. Тады памерлі каля 800 хворых.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG