Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі чацьвёртая сьмерць ад новага вірусу. Сусьветная арганізацыя здароўя склікае паседжаньне


Мэдыцынскія работнікі дастаўляюць пацыента ў бальніцу, дзе праходзяць лекаваньне пацыенты, інфікаваныя новым вірусам. Ухань, 18 студзеня 2020 году
Мэдыцынскія работнікі дастаўляюць пацыента ў бальніцу, дзе праходзяць лекаваньне пацыенты, інфікаваныя новым вірусам. Ухань, 18 студзеня 2020 году

У кітайскім горадзе Ухань правінцыі Хубэй ад новага тыпу каранавірусу памёр чацьвёрты чалавек, паведамляе сайт гарадзкога камітэту ў пытаньнях аховы здароўя.

89-гадовы мужчына адчуў першыя сымптомы захворваньня 13 студзеня, 18-га яго шпіталізавалі, а 19 студзеня ён памёр.

Цяпер лячэньне праходзяць яшчэ 169 чалавек, зь іх дзевяць знаходзяцца ў крытычным стане, 35 — у цяжкім.

У Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя на 22 студзеня склікалі пасяджэньне камітэту надзвычайных сытуацый з прычыны ўспышкі новага каранавірусу ў Кітаі, паведаміла арганізацыя ў Твітэры. Камітэт павінен вызначыць, ці зьяўляецца ўспышка хвароб ад новага вірусу надзвычайнай сытуацыяй міжнароднага значэньня, а таксама выпрацаваць рэкамэндацыі для барацьбы зь вірусам.

Лябараторыя рэсьпіраторных хваробаў КНР афіцыйна пацьвердзіла, што вірус здольны перадавацца ад чалавека да чалавека, піша Global News. Як мінімум адзін выпадак пацьверджаны ў горадзе Ухань, а таксама ў дзьвюх сем’ях у правінцыі Гуандун. Таксама вядома пра 14 мэдработнікаў, якія заразіліся вірусам.

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ухань ў сьнежні 2019 году. Паведамлялася, што ў кітайскім горадзе Ухань была зарэгістравана ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавірусу. Пры гэтым першыя хворыя падхапілі захворваньне ад морапрадуктаў на рынку ў горадзе Ухань.
  • Улады Кітаю афіцыйна пацьвердзілі ўжо 217 выпадкаў захворваньня. Брытанскія экспэрты з Цэнтру глябальнага аналізу інфэкцыйных захворваньняў пры Імпэрскім каледжы Лёндана лічаць, што на самай справе колькасьць хворых можа перавышаць 1,7 тысячы чалавек.
  • 11 студзеня была зафіксаваная першая сьмерць ад хваробы, 17 студзеня — другая, 20 студзеня — трэцяя.
  • 20 студзеня першы выпадак захворваньня на новы тып каранавірусу зафіксавалі ў Паўднёвай Карэі, паведаміла агенцтва Yonhap. 16 студзеня першы выпадак заражэньня невядомым вірусам пацьвердзілі ў Японіі, 13 студзеня — у Тайляндзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG