Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 70% украінцаў — супраць наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай


Чатыры пятых грамадзян Украіны (81%) мяркуюць, што ўкраінская мова — важны атрыбут незалежнасьці краіны, і жадаюць большага ўжываньня ўкраінскай мовы ад чыноўнікаў і СМІ.

Як сьведчаць вынікі сацыялягічнага апытаньня фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» імя Ілька Кучарава, такое стаўленьне да ўкраінскай мовы аб’ядноўвае жыхароў усіх рэгіёнаў Украіны, хоць на ўсходзе прыхільнікаў такой ацэнкі найменш — 64%.

Абсалютная большасьць украінцаў (80%) таксама пагадзіліся з тым, што ўсе кіраўнікі дзяржаў і дзяржаўныя службоўцы павінны гаварыць у працоўны час на дзяржаўнай мове — з гэтым безумоўна пагаджаюцца 56% апытаных, і яшчэ 24% адзначылі, што хутчэй згодныя. У гэтым пытаньні сацыёлягі таксама зьвярнулі ўвагу на салідарную пазыцыю жыхароў усіх рэгіёнаў краіны, хоць найменшая колькасьць прыхільнікаў такой ацэнкі таксама на ўсходзе — 64%.

Апроч таго, 79% апытаных лічаць, што сама менш палова зьместу ўкраінскіх СМІ павінна быць па-ўкраінску (53% — безумоўна згодныя, 26% — хутчэй згодныя). «Такая думка пераважае ва ўсіх рэгіёнах: захад — 96%, цэнтар — 82%, усход — 66%, поўдзень — 63%», — адзначаюць сацыёлягі.

Пра статус расейскай мовы

Адказваючы на пытаньне, які мае быць статус расейскай мовы ва Ўкраіне, 69% апытаных украінцаў адзначылі, што яе можна свабодна выкарыстоўваць у прыватным жыцьці, але ўкраінская мова павінна заставацца адзінай дзяржаўнай. Яшчэ 15% апытаных мяркуюць, што расейская мова павінна атрымаць статус афіцыйнай у некаторых рэгіёнах Украіны, а 12% — мець статус другой дзяржаўнай мовы. Астатнія апытаныя адказаць не змаглі.

Паводле сацыёлягаў, прыхільнікі ўкраінскай мовы як адзінай дзяржаўнай пражываюць на захадзе і ў цэнтры Ўкраіны, у той час як статус афіцыйнай або другой дзяржаўнай мовы для расейскай найбольш падтрымліваюць на поўдні і ўсходзе Ўкраіны.

Пра Мытны саюз і НАТО

Паводле апытаньня, цягам апошніх шасьці гадоў амаль у тры разы скарацілася колькасьць грамадзян, якія хацелі б бачыць Украіну ў Мытным саюзе — 35,7% у 2013-м, 12,7% — у 2019-м. Пры гэтым 64,2% апытаных лічаць Эўразьвяз галоўным інтэграцыйным кірункам для Ўкраіны (46,4% — у 2013-м), а 51,2% перакананыя, што ўступ у NATO — найлепшы варыянт гарантаваньня бясьпекі Ўкраіне (13% — у 2012-м, 32,6% — у 2014-м).

Агульнанацыянальнае апытаньне праводзілі фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы імя Ілька Кучарава» супольна з сацыялягічнай службай Цэнтру Разумкова з 13 па 18 сьнежня 2019 году ва ўсіх рэгіёнах Украіны, за выключэньнем Крыму і часова акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей. Сацыёлягі апыталі 2017 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў. Тэарэтычная памылка выбаркі не перавышае 2,3%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG