Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прэзыдэнты Польшчы ідзе палітык, які займаецца Беларусьсю


Робэрт Бедрань
Робэрт Бедрань

Робэрт Бедрань, лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі «Wiosna», вылучаны трыма польскімі партыямі левага напрамку кандыдатам у прэзыдэнты. Палітык зьяўляецца дэпутатам Эўрапарлямэнту, дзе ўзначальвае групу па кантактах зь Беларусьсю.

У прэзыдэнцкую гонку Бедраня раней вылучыла ўласная партыя і партыя «Razem». У нядзелю ягоную кандыдатуру падтрымаў «Саюз левых дэмакратаў» (SLD).

Робэрт Бедрань заявіў, што ў выпадку выбраньня зьверне ўвагу на пытаньні клімату, аховы здароўя, замежнай палітыкі, а таксама дапамогі маладым, каб стаць незалежнымі.

У Эўрапарлямэнце палітык узначальвае групу для кантактаў зь Беларусьсю. Яна была створаная ў 1994 годзе і вядзе дыялёг з прадстаўнікамі палітычных сілаў, няўрадавых арганізацыяў і грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Усяго ў групе 19 эўрадэпутатаў з розных краін ЭЗ.

У сьнежні мінулага году Бедрань у інтэрвію Свабодзе расказаў, што ў лютым разам з калегамі з ЭП зьбіраецца наведаць Беларусь.

«Будзем мець сустрэчы ня толькі з уладамі. Сустрэчы з дэпутатамі будуць неафіцыйнымі, бо мы не прызнаём вынікаў апошніх парлямэнцкіх выбараў. Сустрэнемся з апазыцыяй, незалежнымі СМІ, дзеячамі культуры і прадстаўнікамі мясцовага самакіраваньня. Плянуем наведаць Горадню і сустрэцца там зь мясцовымі ўладамі, каб абмеркаваць, як беларускія мясцовыя ўлады маглі б супрацоўнічаць з самакіраваньнем Эўразьвязу», — сказаў Бедрань.

Хто такі Робэрт Бедрань

  • Нарадзіўся ў 1976 годзе. Паводле адукацыі ён палітоляг, ведае пяць моваў.
  • У 2011 годзе ён стаў першым дэпутатам польскага парлямэнту – адкрытым геем.
  • Быў мэрам Слупску. Адмовіўся ад службовага аўтамабіля і на працу езьдзіў роварам ці грамадзкім транспартам. Акрамя таго, зьменшыў заробкі ўсім гарадзкім чыноўнікам і сам меў найменшы сярод усіх польскіх мэраў заробак. Праводзіў рэгулярныя сустрэчы з жыхарамі гораду, запрашаючы іх да размовы на канапу, пастаўленую адмыслова для гэтага на галоўным пляцы.
  • Заснаваў сёлета сацыял-дэмакратычную партыю «Вясна», якая на выбарах у Эўрапарлямэнт атрымала 6,06% галасоў.

Прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы маюць адбыцца ў траўні. Ужо вядома, што за пасаду кіраўніка дзяржавы будзе змагацца дзейны прэзыдэнт Анджэй Дуда, прадстаўніца лібэралаў Малгажата Кідава-Блоньска, лідэр Польскай сялянскай партыі Уладыслаў Касіняк-Камыш, каталіцкі публіцыст і шоўмэн Шымон Галоўня, а таксама прадстаўнік нацыяналістаў-эўраскептыкаў Кшыштаф Босак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG