Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы адкрыты гей і атэіст заснаваў партыю. Праз два дні яна стала трэцяй сілай у апытаньнях


Робэрт Бедрань

Былы мэр невялікага польскага горада Слупск абвясьціў у нядзелю пра заснаваньне новай палітычнай партыі «Вясна». Ужо праз два дні, паводле сацыялягічных апытаньняў, яго партыя здабыла 14% падтрымкі палякаў, заняўшы трэцяе месца сярод усіх партый у краіне.

Робэрту Бедраню 42 гады. Ён адкрыты гей і атэіст, прыхільнік левых поглядаў. Перад тым, як стаць палітыкам, узначальваў «Кампанію супраць гамафобіі», быў суарганізатарам гей-парадаў у Польшчы.


Ва ўстаноўчым зьезьдзе партыі на варшаўскай спартыўнай арэне Torwar узялі ўдзел больш за 7 тысяч чалавек. На сцэне разам зь Бедранем прысутнічаў і ягоны партнэр.

Палітык распачаў свой выступ з перафразаванай цытаты Папы рымскага Яна Паўла ІІ, які ў малітве падчас візыту ў Варшаву ў 1979 годзе сказаў: «Няхай прыйдзе твой дух і абновіць аблічча гэта зямлі.

— Мы зьменім аблічча гэтай зямлі, аблічча польскай палітыкі, — заявіў Робэрт Бедрань, дадаўшы, што ягоная мэта — гэта пасада прэм’ер-міністра.

У далейшай частцы сваёй прамовы ён прадставіў праграмныя пастуляты новай партыі:

  • Разьдзяленьне дзяржавы ад касьцёлу, увядзеньне падаткаў на ахвяраваньні ў касьцёлах, адмова ад урокаў рэлігіі ў школах.
  • Увядзеньне гарантаванай пэнсіі ў памеры 430 даляраў.
  • Легалізацыя абортаў да 12 тыдня цяжарнасьці (сёньня ў Польшчы дзейнічае адно з самых жорсткіх заканадаўствў у ЭЗ адносна абортаў).
  • Легалізацыя сужэнскіх саюзаў (у тым ліку аднаполых)
  • Закрыцьцё ўсіх вугальных шахтаў да 2035 году з мэтаю паляпшэньня якасьці паветра.
  • Бясплатны інтэрнэт.
  • Аўтобус у кожнай гміне (аналяг сельсавету).
  • Увядзеньне 30-дзённага ліміту ў чарзе да лекара.
  • Увядзеньне пасады Ўпаўнаважанага па правах жывёлаў.

У аўторак сацыялягічная лябараторыя Kantar Millward Brown апублікавала вынікі дасьледаваньня папулярнасьці палітычных партый у краіне. Ужо праз два дні пасьля зьезду «Вясна» Робэрта Бедраня здабыла 14% падтрымкі палякаў, заняўшы трэцяе месца пасьля гігантаў польскай палітыкі — кіроўнай партыі «Права і Справядлівасьць» (29%) і лібэральнай «Грамадзянскай плятформы» (20%).

Сёньня ў польскім Сэйме не прадстаўленая аніводная партыя левага напрамку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG