Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падманам, хабарам, спакушэньнем». Як ратаваў габрэяў швэд, пакуль ня зьнік на Лубянцы


Рауль Валенбэрг
Рауль Валенбэрг

Рауль Валенбэрг стаў сымбалем сумленьня ў часы ІІ усясьветнай вайны. Дзякуючы падробленым дакумэнтам і хабарам ён ратаваў асуджаных на сьмерць людзей. НКВД ня мог паверыць, што такое можна рабіць бескарысьліва. Пасьля арышту 17 студзеня 1945 ён зьнік на Лубянцы.

Хто такі Рауль Валенбэрг

Рауль Валенбэрг быў швэдзкім бізнэсоўцам і дыпляматам, які выратаваў ад сьмерці дзясяткі тысяч вугорскіх габрэяў.

Пры чым тут Вугоршчына

Увесну 1944 году Вугоршчына была занятая нямецкімі войскамі. У Будапэшт прыбыў палкоўнік SS Адольф Айхман, які арганізаваў вываз вугорскіх габрэяў у Аўшвіц і крадзеж іх маёмасьці. Цягам пары тыдняў там гіне каля 440 тысяч чалавек. У ліпені кіраўнік краіны, адмірал Міклаш Хорці, прыпыняе дэпартацыю. У Будапэшце застаюцца дзясяткі тысяч габрэяў.

У гэты самы час у вугорскую сталіцу са Швэцыі прыбывае 32-гадовы Рауль Валенбэрг і пачынае працу ў якасьці сакратара швэдзкага пасольства. Але яго галоўная місія — выратаваць ад зьнішчэньня мясцовых габрэяў.

Будапэшт
Будапэшт

Якім чынам звычайны дыплямат мог распачаць такую вялікую акцыю

Насамрэч гэтую акцыю прыдумалі амэрыканцы. На мяжы 1943-44 гадоў яны прыйшлі да высновы, што калі нешта і можна пасьпець зрабіць для эўрапейскіх габрэяў, то ратаваць іх трэба найперш у Вугоршчыне. Для гэтага яны вырашылі прыцягнуць дыпляматаў з нэўтральных дзяржаваў.

Валенбэрг быў ідэальным кандыдатам. Ён размаўляў на ангельскай, францускай, нямецкай і расейскай мовах.

У Будапэшце была сядзіба Цэнтральнаэўрапейскай гандлёвай місіі, для якой працаваў Валенбэрг. Ён пагадзіўся выехаць у Будапэшт і застацца там два месяцы, каб ратаваць габрэяў.

Швэдзкім уладам гэта ня вельмі падабалася, але яны паддаліся ціску з боку ЗША.

Што рабіў Валенбэрг

У швэда было 200 000 даляраў, якія ён мог выкарыстаць для сваёй місіі. У амбасадзе ён даведаўся пра выдачу 600 швэдзкіх пашпартоў габрэям, якія здолелі даказаць свае сувязі са Швэцыяй. Валенбэрг вырашыў дзейнічаць больш маштабна.

Ён прыдумаў так званыя шуцпасы (Schutzpass), дакумэнты, якія пацьвярджалі, што дадзеная асоба знаходзіцца пад апекай уладаў Швэцыі. Валенбэрг стварыў адмысловую групу ў пасольстве зь некалькіх дзясяткаў чалавек, якія займаліся выдачай шуцпасаў. Былі надрукаваныя тысячы такіх дакумэнтаў. Валенбэрг выдаваў шуцпасы практычна кожнай асобе, якая па іх зьвярталася. Па горадзе пайшла хваля чутак, што ёсьць чалавек, які выдае сапраўдныя швэдзкія дакумэнты, што бароняць ад дэпартацыі.

Валенбэргу даводзілася нават даганяць калёны ўцекачоў і выцягваць габрэяў, якіх вялі на сьмерць. Падчас аднаго з такіх здарэньняў ён выратаваў некалькі сотняў чалавек, прадставіўшыся:

— Я швэдзкі дыплямат. Гэтыя людзі знаходзяцца пад абаронай караля Швэцыі. Вы можаце выклікаць міжнародны скандал.

Ня толькі шуцпасы

Ад імя швэдзкага пасольства Валенбэрг пачаў купляць у Будапэшце будынкі і арганізоўваць у іх так званыя ахоўныя дамы для ўладальнікаў швэдзкіх шуцпасаў.

Будапэшт быў, бадай, адзіным горадам сьвету, дзе дзейнічаў больш за дзясятак будынкаў са статусам дыпляматычных установаў са швэдзкім сьцягам.

Як немцы і вугорскія саюзьнікі Гітлера маглі такое дапусьціць

Немцы пра ўсё гэта цудоўна ведалі, але згодна зь міжнародным правам нічога не маглі зрабіць. Афіцыйна гаспадарамі былі ўлады Вугоршчыны, для якіх было вельмі важна падтрымліваць належныя адносіны з нэўтральнымі дзяржавамі.

Немцы не заўсёды заплюшчвалі вочы на дзейнасьць Валенбэрга. Неаднаразова ён ратаваў людзей зь цягнікоў на будапэшцкім вакзале, адкуль іх вывозілі ў лягеры сьмерці.

Нацысты неаднойчы пагражалі яму сьмерцю, спрабавалі тараніць яго аўтамабіль і заклікалі яго пакінуць Будапэшт.

Помнік Раулю Валенбэргу ў Будапэшце
Помнік Раулю Валенбэргу ў Будапэшце

Як Валенбэрг задобрываў нацыстаў?

Валенбэрг дбаў пра добрыя адносіны з нацыстамі. Ён некалькі разоў сустракаўся з Адольфам Айхманам і меў да яго прамы нумар тэлефону.

Швэдзкі дыплямат сустракаўся з прадстаўнікамі вугорскага ўраду і пераконваў іх, што ўзамен за прыхільнасьць габрэям яны могуць разьлічваць на лепшае стаўленьне альянтаў пасьля заканчэньня вайны.

У яго былі таксама свае людзі ў паліцыі. Валенбэргу ўдалося нават здабываць таемную інфармацыю з МЗС Вугоршчыны. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ў Валенбэрга закахалася жонка вугорскага міністра.

Што адбылося пасьля прыходу саветаў

Пасьля ўваходу савецкай арміі ў Будапэшт Рауль Валенбэрг адправіўся ва ўсходнім напрамку да начальніка ІІ Украінскага фронту, маршала Радыёна Маліноўскага, каб папрасіць у яго дапамогі габрэям.

Па дарозе ў Дэбрэцэн, за 200 км ад Будапэшту, аўто Валенбэрга затрымалі. НКВД падазравала, што швэд можа быць варожым агентам. Падазрэньні выклікала яго добрая нямецкая мова і запісаныя ў нататніку нумары тэлефонаў гітлераўскіх афіцыйных асобаў, на чале з Айхманам.

Што сталася з Валенбэргам

Швэдзкага дыплямата адправілі на Лубянку. Там ён сядзеў у камэрах разам з гітлераўскімі дыпляматамі, а таксама дыпляматамі саюзьнікаў Райху. Гэта былі апошнія сьведкі, якія бачылі яго жывым і размаўлялі зь ім. Савецкая выведка прыйшла да высновы, што Валенбэрг мог быць гітлераўскім агентам і працаваць пад прыкрыцьцём швэдзкага дыплямата. Яго паездку да Маліноўскага палічылі шпіёнскай місіяй.

Адносна Валенбэрга маглі таксама мець інфармацыю пра тое, што швэд быў супрацоўнікам амэрыканскай выведкі. Паводле апублікаваных у 1996 годзе дакумэнтаў, Валенбэрг быў сувязным паміж амэрыканцамі і вугорскім падпольлем.

У савецкіх архівах ёсьць пратаколы раньніх допытаў швэда. Ён запэўніваў, што яго місіяй у Будапэшце было выключна ратаваньне габрэяў, і прасіў зьвязацца з амбасадай Швэцыі ў Маскве. Гэтую просьбу расейцы ня выканалі.

НКВД ня верыла словам Рауля Валенбэрга.

«Гэта абсалютна нелягічна, каб нехта такі як Валенбэрг пакінуў спакойную Швэцыю і прыехаў у Будапэшт ратаваць жыцьці чужых людзей», — напісаў адзін са сьледчых.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, 17 ліпеня 1947 году Валенбэрг памёр ад інфаркту ў маскоўскай турме Ляфортава, а яго цела было крэміраванае. Такі дакумэнт праз шмат гадоў перадалі сям’і Рауля Валенбэрга. Але знойдзеныя ў 2016 годзе ўспаміны высокапастаўленага чыноўніка КГБ Івана Сярова сьведчаць аб тым, што Валенбэрга расстралялі на Лубянцы.

У 2001 годзе генпракурор Расеі рэабілітаваў швэда. Яго асабістыя рэчы, у тым ліку і нататнік з нумарам тэлефону Айхмана, былі перададзеныя сваякам.

Што для вызваленьня Валенбэрга зрабіла Швэцыя

Да гэтай пары рэакцыя афіцыйнага Стакгольму была тэмай жорсткай крытыкі ў Швэцыі. Швэдзкія ўлады паводзілі сябе даволі стрымана, баючыся раззлаваць СССР. Амэрыканцы прапаноўвалі швэдам дапамогу, але тыя адмовіліся.

Калі маці Валенбэрга хацела сустрэцца з былым паслом Швэцыі ў Будапэшце, ён адмовіўся. Маці напісала таксама ліст да Сталіна, але ўлады яго так і ня выслалі.

Былы швэдзкі дыплямат і будучы генэральны сакратар ААН Даг Хамаршэльд сказаў, што «не пачне Трэцюю ўсясьветную вайну праз аднаго зьніклага чалавека».

Пляменьніца Валенбэрга Мары Дзюпюі
Пляменьніца Валенбэрга Мары Дзюпюі

P. S

У 1979 годзе бацькі Рауля Валенбэрга скончылі жыцьцё самагубствам. Перад сьмерцю яны папрасілі сям’ю змагацца за праўду прынамсі да 2000 году. Яны лічылі, што да гэтага часу іх сын можа быць яшчэ жывы.

У 2017 годзе сям’я Рауля Валенбэрга падала пазоў супраць ФСБ Расеі. Яна хоча дамагчыся доступу да архіўных дакумэнтаў ФСБ, якія раней выдаваліся ў няпоўным выглядзе. Расейскія спэцслужбы да гэтага часу не раскрываюць усіх дакумэнтаў па гэтай справе.

У падрыхтоўцы гэтага матэрыяла выкарыстоўвалася кніга Алекса Кершоў «Місія Валенбэрга».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG