Выканаўца абавязкаў міністра замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў валодае нерухомасьцю, ацэначным коштам каля 600 мільёнаў расейскіх рублёў (амаль 10 мільёнаў даляраў), — піша выданьне The Insider. Гэта — істотна вышэй за ягоныя даходы. Калі ён купляў яе па рынкавых цэнах, на гэта б не хапіла заробкаў міністра за 120 гадоў.
Лаўроў 16 гадоў узначальвае Міністэрства замежных спраў Расеі. Паводле The Insider, чыноўніку належыць трохпавярховы асабняк плошчай 499 квадратных мэтраў з участкам у вёсцы Жукаўка на Рублёва-Ўсьпенскай шашы. Там раней былі дзяржаўныя дачы, а цяпер гэта адзін з самых дарагія раёнаў Падмаскоўя. Паводле ацэнкі The Insider, дом можа каштаваць больш за 300 мільёнаў рублёў.
Выданьне таксама выявіла ў чыноўніка кватэру плошчай 247 квадратных мэтраў у доме ў самым цэнтры Масквы. Яго рынкавы кошт выданьне таксама ацаніла на 300 мільёнаў рублёў. Кватэру падарыла дачка Лаўрова, якая атрымала яе па абмене жыльля з папярэднім уладальнікам — ахоўнікам у прыватнай ахоўнай фірме. Дачцэ тады было 25 гадоў, бізнэсам яна не займалася, паведамляе выданьне.
Раней сёньня расейскае сеціўнае выданьне «Адкрытыя мэдыя» паведаміла, што сямʼі прэмʼер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна належыць зямля ў Падмаскоўі і пяць дамоў агульным коштам больш як паўтара мільярда рублёў (больш за 24 мільёны даляраў). Плошча зямельных участкаў у пяць разоў большая, чым задэкляраваў чыноўнік, а агульны кошт нерухомасьці большы, чым задэкляраваны даход сямʼі чыноўніка ад 2010 году.