Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Freedom House: Кітай узмацняе прапагандысцкую экспансію ў сусьветных СМІ


Цягам апошніх трох гадоў Камуністычная партыя Кітаю выразна ўзмацніла прапагандуў сродках масавай інфармацыі па ўсім сьвеце.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе амэрыканскай недзяржаўнай арганізацыі Freedom House, апублікаваным 15 студзеня. Даклад мае назву: «Глябальны мэгафон Пэкіну: Пашырэньне мэдыйнага ўплыву Камуністычнай партыі Кітаю з 2017 году».

У сваіх галоўных высновах аўтары дакладу адзначаюць:

«Камуністычная партыя і розныя дзяржаўныя органы Кітаю доўгі час імкнуліся паўплываць на грамадзкія дыскусіі і асьвятленьне ў СМІ інфармацыі пра Кітай за межамі краіны, асабліва праз кітайскамоўныя супольнасьці і празь перашкоды замежным карэспандэнтам у Кітаі. Аднак за апошняе дзесяцігодзьдзе вышэйшыя службовыя асобы Камуністычнай партыі рэзка павялічылі намаганьні па фармаваньні мэдыя-кантэнту па ўсім сьвеце, практычна ў кожным рэгіёне і на шматлікіх мовах. Вынікам гэтых намаганьняў стаў шматгранны, здольны да зьменаў і комплексны набор тактык, якія выкарыстоўваюцца ў разнастайных умовах. Яны спалучаюць шырока прынятыя формы публічнай дыпляматыі з больш прыхаванымі дзеяньнямі, якія выкарыстоўваюць карупцыю і прымус ды падрываюць дэмакратычныя нормы, абмяжоўваюць нацыянальны сувэрэнітэт, аслабляюць фінансавую ўстойлівасьць незалежных СМІ і парушаюць заканадаўства некаторых краінаў».

Як прыклады глябальнай экспансіі Кітаю ў мэдыя-прасторы іншых краінаў, аўтары дакладу называюць:

  • уключэньне кітайскай дзяржаўнай тэлевізіі ў лёгка даступны пакет лічбавай тэлевізіі Кеніі коштам выключэньня міжнародных інфармацыйных агенцтваў;
  • інаўгурацыю перадачы «Гадзіна Кітаю» ў найлепшы час у партугальскай тэлевізіі з выкарыстаньнем зьместу зь дзяржаўных СМІ Кітаю;
  • закрыцьцё тэлеканалу NTDTV, заснаванага кітайскай грамадзкасьцю ў Вашынгтоне, з прычыны запалохваньня кіраўніцтва тэлеканалу кітайскімі дыпляматамі;
  • закрыцьцё рубрыкі аўтара, які пісаў пра перасьлед уйгураў у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным рэгіёне, у газэце ў Паўднёваафрыканскай рэспублікі.

У дакладзе Freedom House гаворыцца таксама пра ўплыў кітайскай афіцыйнай прапаганды на Беларусь. Беларусь згадваецца сярод краінаў, зь якімі кітайскія дзяржаўныя інфармацыйныя агенцтвы падпісалі дамовы пра абмен інфармацыяй.

«Сіньхуа падпісала пагадненьні аб супрацоўніцтве з шырокім спэктрам СМІ ў свабодных і рэпрэсіўных краінах па ўсім сьвеце. Дакладныя ўмовы пагадненьняў не заўсёды публікуюцца, але, прынамсі ў некаторых выпадках, Сіньхуа дае сваім партнэрам бясплатныя тэксты і фатаграфіі. За апошнія два гады інфармацыйнае агенцтва падпісала пагадненьні аб абмене зь мясцовымі партнэрамі ў Аўстраліі, Італіі, Бангладэшы, Індыі, Нігерыі, Эгіпце, Тайляндзе, Віетнаме, Беларусі і Лаосе», — сьцьвярджаюць аўтары дакладу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG