Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераемнік Шушкевіча будзе вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты


Старшыня БСДГ Сяргей Чэрачань
Старшыня БСДГ Сяргей Чэрачань

34-гадовы бізнэсоўца Сяргей Чэрачань, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, мае намер вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты.

Адпаведнае рашэньне было прынята на пасяджэньні Цэнтральнай Рады БСДГ, якая прайшла ў Менску 12 студзеня.

«Шанцы сабраць подпісы ў падтрымку майго вылучэньня абсалютна рэальныя», — сказаў БелаПАН старшыня БСДГ. Паводле палітыка, асноўная задача вылучэньня партыяй яго кандыдатуры — набрацца вопыту ў будучай выбарчай кампаніі.

«У нас ёсьць разуменьне, што на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах будзе тая ж сытуацыя з падлікам галасоў, што і на парлямэнцкіх. Зараз мы ставім плянку, як мінімум, на другое месца па выніках, а не па падліку», — сказаў Чэрачань.

Паводле лідэра БСДГ, цяпер ідзе падрыхтоўка перадвыбарчай праграмы. Перамовы з іншымі апазыцыйнымі структурамі не вяліся. Паводле палітыка, ёсьць некалькі арганізацый, з кім разглядаецца магчымасьць супрацоўніцтва, але гэта не палітычныя партыі.

Сяргей Чэрачань нарадзіўся ў траўні 1985 гады ў Крычаве. Скончыў Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У 2016 годзе вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі, выйшаў з яе па ўласным жаданьні ў канцы 2017 года.

У 2018 годзе быў абраны старшынёй БСДГ. На сваёй пасадзе ён зьмяніў заснавальніка партыі, экс-старшыню Вярхоўнага савета Беларусі Станіслава Шушкевіча.

Таксама з 2017 года — старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Дыпляматыя».

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 30 жніўня 2020 года.

Раней пра свой намер вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта заяўлялі Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Вольга Кавалькова, Аляксей Янукевіч, Віталь Зялкоўскі.

Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада была зарэгістравана ў 1996 годзе. З 1998 года яе ўзначальваў Станіслаў Шушкевіч — старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня ў 1991–1994 гадах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG