Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Армэніі затрымалі аўтара фэйку, што Пашыньян павіншаваў Трампа з забойствам Сулеймані


Прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян
Прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян

Служба нацыянальнай бясьпекі (СНБ) Армэніі паведаміла, што затрымала чалавека, які напісаў у сацыяльных сетках, быццам прэм’ер-міністар краіны Нікол Пашыньян павіншаваў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў сувязі са сьмерцю іранскага генэрала Касэма Сулеймані.

Допіс быў апублікаваны 3 студзеня на старонцы карыстальніка ў Facebook пад іменем «Дыяна Аруцюнян». «Гэтая хлусьлівая інфармацыя з допісу атрымала распаўсюджаньне ў азэрбайджанскіх і іранскіх СМІ», — гаворыцца ў заяве ў СНБ Армэніі.

Відэа затрыманьня апублікавалі. Затрыманы распаўсюджваў інфармацыю, якая наносіла шкоду «дзяржаве, грамадзкасьці і асобе і была скіраваная на распальваньне міжнацыянальнай, міжрасавай і міжрэлігійнай розьні», — заявілі ў СНБ.

На відэа затрыманы прызнаецца, што акаўнт належыць менавіта яму. Супраць яго завялі крымінальную справу паводле артыкулу пра паклёп. Яму пагражае штраф да 200 мінімальных акладаў, альбо папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, альбо арышт на два месяцы.

Іранскі генэрал Касэм Сулеймані, які камандаваў спэцназам у складзе Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, быў забіты ўдарам з дрона ў раёне багдадзкага аэрапорту 3 студзеня. Удар быў нанесены па распараджэньні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. У Пэнтагоне заявілі, што генэрал распрацоўваў пляны нападу на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў у Іраку.

Забойства высокапастаўленага вайскоўца абвастрыла сытуацыю ў рэгіёне. Парлямэнт Ірака запатрабаваў вывесьці з краіны замежныя войскі, Іран заявіў пра фактычную размарозку ваеннай ядзернай праграмы, прэзыдэнт Ірана назваў атаку «тэрарыстычным актам» і паабяцаў, што «Амэрыка дорага за яго заплаціць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG