Упраўленьне Дзяржаўтаінспэкцыі МУС Беларусі прыняло рашэньне аб падвышэньні хуткасьці руху амаль на двух дзясятках участкаў аўтамабільных трасаў і менскай кальцавой дарогі, адзначаецца ў паведамленьні ведамства.
Удакладняюць, што ўсе неабходныя падрыхтоўчыя працы будуць завершаныя да 1 сакавіка. Хуткасныя абмежаваньні ўжо скарэктавалі ў большы бок на дарогах Р28, Р58, Р80, на чарзе таксама М1, М3, М5, М6, М8, Р20 і МКАД.
Летась 16 сьнежня падчас нарады аб адміністрацыйнай адказнасьці Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў даішнікаў, якая занадта захапілася спагнаньнем штрафаў — у прыватнасьці, так званымі «лістамі шчасьця».
Зь яго словаў, фотафіксацыю ўводзілі, каб навесьці парадак на дарозе, а не загнаць усіх пагалоўна кіроўцаў у шэраг злосных парушальнікаў закону.
Неўзабаве з дарог зьніклі мабільныя камэры фіксацыі хуткасьці, а сьледам кіраўніцва ДАІ заявіла, што правядзе рэвізію дарожных знакаў, у тым ліку тых, якія абмяжоўваюць максымальную хуткасьць руху.
Раней Лукашэнка абурыўся напісаньнем на сьветлавых табло па-беларуску «Выконвай хуткасны рэжым» — маўляў, замежнікі, перадусім расейцы блытаюць гэта з «палітычным рэжымам». Пасьля гэтага кіроўцаў пачалі інфармаваць на расейскай мове.