Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Харватыі праходзіць другі тур прэзыдэнцкіх выбараў


Пераможца першага туру Зоран Міланавіч — галоўны канкурэнт дзейнай прэзыдэнткі Калінды Грабар-Кітаравіч

У нядзелю ў Харватыі праходзіць другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць дзейная прэзыдэнтка Калінда Грабар-Кітаравіч і былы прэм’ер-міністэр краіны, лідэр апазыцыйнай Сацыял-дэмакратычнай партыі Зоран Міланавіч. Пераможца будзе вызначаны простай большасьцю галасоў.

У першым туры, які прайшоў два тыдні таму, Міланавіч атрымаў 29,55% галасоў, Грабар-Кітаравіч — амаль на тры працэнты галасоў менш. Паводле сацыялягічных апытаньняў, перад другім турам разрыў паміж імі зьменшыўся да паўтара адсоткаў.

Кандыдатуру дзейнай прэзыдэнткі падтрымлівае правацэнтрысцкая партыя Харвацкая дэмакратычная супольнасьць, якая мае большасьць у парлямэнце. Міланавіча падтрымлівае левацэнтрысцкая і левалібэральная апазыцыя.

51-гадовая Калінда Грабар-Кітаравіч кіруе Харватыяй ад студзеня 2015 году, калі ў другім туры выбараў яна атрымала 50,42% галасоў выбарнікаў, абышоўшы дзейнага на той момант прэзыдэнта Іву Ясіпавіча. Пры гэтым у першым туры яна, таксама як і на цяперашніх выбарах, прайграла.

Грабар-Кітаравіч — першая ў гісторыі жанчына, якая заняла пасаду прэзыдэнта Харватыі.

Пры гэтым кіраўнік Харватыі пасьля зьменаў у канстытуцыі ў 2000 годзе, калі краіна стала парлямэнцкай рэспублікай, мае менш паўнамоцтваў, чым прэм’ер-міністар, але вызначае зьнешнюю палітыку і займае пасаду вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Дзейны прэм’ер-міністар Харватыі — Андрэй Плэнкавіч. Ён належыць да партыі Харвацкая дэмакратычная супольнасьць, якая падтрымлівае цяперашнюю прэзыдэнтку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG