Славенскі прэм’ер Мар’ян Шарац склікаў сёньня надзвычайнае паседжаньне славенскай Рады нацыянальнай бясьпекі з прычыны меркаванай дзейнасьці харвацкай службы бясьпекі ў Славеніі.
З гэтай прычыны харвацкі амбасадар запрошаны на размову ў Міністэрства замежных справаў Славеніі, а славенская амбасадарка адкліканая з Харватыі на кансультацыі ў Любляну, перадаюць славенскія і харвацкія інфармацыйныя агенцтвы.
Пасьля таго, як прэм’ер Шарац раней выказаў занепакоенасьць з прычыны таго, што харвацкая служба бясьпекі SOA нібыта праслухоўвала былога славенскага арбітра ў арбітражнай спрэчцы аб славенска-харвацкай мяжы і ўплывала на славенскую ўрадоўку, каб дыскрэдытаваць арбітражны працэс.
Сёньня канфлікт абвастрыўся пасьля таго, як славенскі незалежны тэлеканал POP-TV паведаміў, што харвацкі прадстаўнік аўстрыйскага мэдыяканцэрну Styria спрабаваў спыніць выхад на канале рэпартажу аб падслухоўваньні.
У другой палове 2000-х гадоў паміж Славеніяй і Харватыяй выбухнула спрэчка вакол прыналежнасьці акваторыі Піранскай затокі. Славенія дамагаецца прызнаньня часткі спрэчнай акваторыі сваімі тэрытарыяльнымі водамі, каб атрымаць выхад у міжнародныя воды.
Харватыя ня хоча прызнаць за Славеніяй такога права. З гэтай прычыны ў канцы 2000-х гадоў Славенія двойчы блякавала ўступленьне Харватыі ў Эўрапейскі зьвяз.
Урэшце бакі пагадзіліся перадаць справу ў міжнародны арбітраж. У чэрвені 2017 году арбітражны суд прызнаў права Славеніі на спрэчную акваторыю, у выніку чаго Славенія атрымала б выхад у міжнародныя воды. Славенія прывітала рашэньне арбітражу.
Харватыя заявіла, што выйшла з арбітражнага працэсу ў 2015 годзе з прычыны парушэньня славенскім бокам правілаў арбітражу. З таго часу Харватыя спрабуе дыскрэдытаваць арбітражны працэс і даказаць неабгрунтаванасьць прынятых рашэньняў.