Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне паставяць помнік беларускаму пісьменьніку Яну Баршчэўскаму


Ян Баршчэўскі

Дабрачынны Фонд Марыі Магдалены Радзівіл паставіць ва Ўкраіне помнік беларускаму пісьменьніку XIX стагодзьдзя Яну Баршчэўскаму — нядаўна ў Чуднаве на Жытоміршчыне знайшлі надмагільную пліту і дакумэнты аб сьмерці Яна Баршчэўскага.

Прэзыдэнт Фонду Аляксандар Сапега расказаў Свабодзе, што макет помніку — калёны і бюсту з бронзы — ужо зроблены і высланы ўладам гораду Чуднава. Паразуменьне з адміністрацыяй ёсьць, дадаў Сапега.

Цяпер разглядаецца пытаньне аб тым, каб у помніку скарыстаць і надмагільную пліту, што захоўваецца ў Саюзе палякаў у Жытоміры. Паводле Сапегі, у гэтым пытаньні супольнага адназначнага рашэньня з палякамі, якія перахоўваюць пліту, няма, абяцаная рэстаўрацыя пліты яшчэ ня зробленая. Гаспадаром пліты ёсьць дзяржава, бо пліта лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

«Калі будзе прынятае рашэньне, што ў гэтай канцэпцыі мы можам ужыць надмагільную дошку, будзем разьбірацца з дошкай, і тады пачнецца выраб скульптуры», — растлумачыў Сапега.

Дакладнае месца пахаваньня Яна Баршчэўскага невядомае, але дакумэнты пацьвярджаюць, што пісьменьнік пахаваны на могілках касьцёла, які зруйнаваны савецкай уладай у 1935–1936 гадах і знаходзіўся паблізу падворку, дзе і знайшлі надмагільную пліту.

Хто такі Ян Баршчэўскі

Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.

Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасьць як чытальнік і аўтар вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Вэнэры», якая, на жаль, не захавалася.

Студэнцкія вакацыі часьцей за ўсё праводзіў у падарожжах па навакольлях возера Нешчарда. Зьбіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы.

Пісаў па-польску і па-беларуску, вядомыя ягоныя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысьвечаны каханай дзяўчыне, вядомае яе прозьвішча — Максімовіч) і «Бунт хлопаў».

У 1820-х пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэцкую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам зь іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.

Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску.

Да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў, ва Ўкраіну. Апошнія гады жыцьця правёў у доме графіні Ю. Ржавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр Баршчэўскі ад сухотаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG