Генэральная пракуратура вывучыла і накіравала ў Вярхоўны суд для вызначэньня падсуднасьці крымінальную справу ў адносінах васьмі службовых асобаў дзяржаўных органаў і банкаў і васьмі прадстаўнікоў камэрцыйных структураў за зьдзяйсьненьне злачынстваў супраць інтарэсаў службы, прадугледжаных артыкуламі 430 і 431 Крымінальнага кодэксау, піша БелаПАН.
За што абвінавачваюць? За атрыманьне і даваньне хабару падчас паставак у Рэспубліку Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, кампутэрнай тэхнікі і праграмнага забесьпячэньня.
Падчас сьледзтва да 12 абвінавачаных прымененая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, у дачыненьні да іншых абраныя дамашні арышт, заклад, падпіска аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Выкарыстаныя меры стрыманьня пракурор пакінуў без зьмен.
Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасьці сьледчага ўпраўленьня Камітэта дзяржаўнай бясьпекі.
2 сьнежня 2019 года КДБ паведаміў аб завяршэньні папярэдняга расьсьледаваньня крымінальнай справы па шматлікіх фактах атрыманьня і даваньня хабару падчас паставак у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, кампутэрнай тэхнікі і праграмнага забесьпячэньня.
Паводле інфармацыі КДБ, фігурантамі справы зьяўляюцца 16 чалавек, у тым ліку былы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савета бясьпекі Беларусі Андрэй Уцюрын. Ён абвінавачваецца ў атрыманьні хабару не менш як на 190 тысяч даляраў ЗША і падбухторваньні да даваньня хабару.