Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзяржынскім раёне асудзілі выкрадальнікаў мужчыны, якога прымушалі капаць сабе магілу ў лесе


Сьледчы экспэрымэнт у справе аб выкраданьні ў Дзяржынскім раёне, 2019 год

Суд Дзяржынскага раёну вынес вырак у справе аб вымагальніцтве і выкраданьні чалавека. Галоўнага фігуранта асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, непаўналетні падсудны атрымаў 3,5 года выхаваўчай калёніі, саўдзельніца — 2,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Як выявіла сьледзтва, у ноч на 20 красавіка 2019 году тры абвінавачаныя прыехалі да свайго знаёмага і пачалі патрабаваць у яго 150 даляраў, што ён нібыта быў вінны аднаму зь іх.

Затым яны запхалі пацярпелага ў багажнік машыны, адвезьлі ў лес, далі рыдлёўку і прымушалі капаць сабе яму. Калі ён адмовіўся, дзяўчына ўдарыла яго рыдлёўкай па галаве. Пацярпелага скінулі ў яму і сталі засыпаць пяском, дзяўчына яшчэ двойчы ўдарыла яго па галаве. Два іншыя абвінавачаныя патрабавалі з пацярпелага ўжо 600 даляраў. Толькі калі той пагадзіўся, яго адвезьлі дадому.

Пасьля высьветлілася, што абвінавачаныя мужчыны ўчынілі таксама сэрыю крадзяжоў аўтамабільнага паліва і іншых рэчаў.

  • Галоўны фігурант — 27-гадовы раней судзімы мужчына — быў асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за крадзеж, вымагальніцтва і выкраданьне чалавека на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, але праз амністыю пакараньне было скарочанае на 1 год.
  • Яшчэ адзін абвінавачаны — 17-гадовы хлопец — быў асуджаны за крадзеж, вымагальніцтва і выкраданьне чалавека на 5 з паловай гадоў выхаваўчай калёніі, а праз амністыю пакараньне скарочанае на 2 гады.
  • Абвінавачаная, якая біла пацярпелага, — 20-гадовая дзяўчына — была асуджаная за вымагальніцтва з ужываньнем гвалту на 3 з паловай гады калёніі агульнага рэжыму, мінус год праз амністыю.

Прысуд яшчэ не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG