Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Зяленскі абмеркавалі новы абмен вязьнямі паміж Расеяй і Ўкраінай


Уладзімір Зяленскі і Ўладзімір Пуцін
Уладзімір Зяленскі і Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны правялі тэлефонную размову і павіншавалі адзін аднаго з набліжэньнем сьвятаў. Адной з галоўных тэм перамоваў стала ўзгадненьне новых сьпісаў на абмен ўтрымліваных асобаў.

Гаворка, у тым ліку, ішла аб зьняволеных украінцах у анэксаваным Крыме і крымчанах, якія ўтрымліваюцца ў месцах пазбаўленьня волі на тэрыторыі Расеі. Пра гэта паведаміў офіс Зяленскага.

Лідэры дзяржаваў таксама віталі заключэньне кантракту на транзыт расейскага газу праз тэрыторыю Ўкраіны, падпісанага 30 сьнежня.

«Прэзыдэнты абмяняліся віншаваньнямі з нагоды Новага году. Выказаліся за разьвіцьцё расейска-ўкраінскіх адносін у 2020 годзе», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Крамля. Прэс-служба удакладніла, што тэлефонная размова адбылася з ініцыятывы ўкраінскага боку.

29 сьнежня адбыўся абмен ўтрымліванымі асобамі паміж Кіевам і Данбасам. Сэпаратысты вызвалілі 76 чалавек, Украіна адправіла на непадкантрольную тэрыторыю 124 зьняволеных. Пры гэтым Кіеў настойвае, што сэпаратысты ўтрымліваюць яшчэ каля 300 чалавек.

У верасьні прайшоў вялікі абмен вязьнямі і ўтрымліванымі асобамі паміж Расеяй і Ўкраінай. Тады Кіеў і Масква вызвалілі па 35 чалавек з кожнага боку.

Паводле інфармацыі на сайце Крамля, Пуцін не віншаваў прэзыдэнтаў Украіны з Новым годам апошнія шэсьць гадоў. Папярэдняе віншаваньне ён накіраваў у сьнежні 2013 году Віктару Януковічу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG