Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт не дабудзе да канца тэрміну. Прагноз астроляга на 2020 год


Зорнае неба над Барунамі (Ашмянскі раён). Фота: Віктар Малышчыц
Зорнае неба над Барунамі (Ашмянскі раён). Фота: Віктар Малышчыц

З просьбай спрагназаваць, што адбудзецца ў 2020 годзе, мы зьвярнуліся ня толькі да звычайных экспэртаў (тут, тут і тут), але і да астроляга Ўладзімера Васюка, выпускніка Аўстралійскай акадэміі астралёгіі і космабіялёгіі. Магчыма, зоркі ведаюць лепш за людзей.

Уладзімер Васюк
Уладзімер Васюк

1. Які курс рубля будзе на канец году?

Недзе 2,45-2,51 рублі за даляр. Але тут лепш называць тэндэнцыі. У траўні ён можа дасягнуць аднаго пункту, а пасьля пайсьці да другога. Інфляцыйных чаканьняў, як у 2014 ці ў 2016 гадах, няма. Гэта можа быць у 2021 годзе.

2. Колькі кандыдатаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах?

Колькасна складана вызначыць. Адзіны кандыдат ад апазыцыі будзе. Але, хто б ня стаў прэзыдэнтам, да канца тэрміну ён не дабудзе. Бо гэта год, калі будзе шчыльнае збліжэньне Юпітэра і Сатурна. Гэтыя плянэты яшчэ называюць ахоўнікамі часу. І калі яны поруч, калі ідзе злучэньне, то мяняюцца ва ўсім сьвеце правілы гульні: палітычнай і эканамічнай. Хто выбраны ў гэты час, ім цяжка справіцца з сытуацыяй.

3. Ці будзе сярод іх кандыдат, якога публічна падтрымае Расея?

Да 2024 году будзе мець месца канфрантацыйная палітыка Расеі. Зразумела, пункт уплыву мусіць быць, таму такі кандыдат будзе зь вялікай доляй імавернасьці.

4. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2020 году?

Колькасьць патэнцыйных кандыдатаў вялікая, пралічыць, хто зойме пасаду, – вялікая праца. Роля прэм’ер-міністра будзе значна меншая, чым у два папярэднія гады, сваю ўласную палітыку ён весьці ня будзе. Год будзе падобны на 2008-ы.

Гэта будзе год жорсткага ўплыву ўладаў на эканамічныя і палітычныя працэсы ў грамадзтве. Будзе павелічэньне агульнай падатковай базы. Пад гэтую плынь і будуць выбіраць прэм’ер-міністра. У дзяржавы мала грошай, таму іх трэба зьбіраць зь людзей. У 2008 годзе гэта быў падатковы ціск на імпартэраў, ухіл на імпартазамяшчэньне.

5. Ці пакажуць па расейскай тэлевізіі фільм кшталту «Хроснага бацькі», як гэта было ў 2010 годзе?

Такія фільмы будуць зьяўляцца ў другой палове 2020-га больш часта, чым у апошнія гады. Ня толькі беларускія, але і зробленыя ў іншых краінах.

6. Ці абнародуе Аляксандар Лукашэнка свае прапановы ў зьмене Канстытуцыі?

Прапановы будуць унесеныя, але зьмена Канстытуцыі – гэта справа 2021 году.

7. Ці будзе ў 2020 годзе прынятая праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі?

Праграму прымуць, але незалежнасьць Беларусь захавае. Пад уплывам абставінаў гэтая праграма ня будзе ажыцьцяўляцца. Апроч эканамічных аспэктаў інтэграцыі, ёсьць яшчэ вайсковыя. Праграмы могуць не публікаваць менавіта праз гэтыя аспэкты. Таму праграму інтэграцыі не хутка апублікуюць у поўным аб’ёме.

8. Ці атрымае Беларусь кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр, і калі так, то ў якіх памерах?

Не. У 2008 годзе цэны на нафту расьлі, а пасьля падалі. Расея ў такой сытуацыі страчвае прыбытак, а калі яна траціць прыбытак, наўрад ці пойдзе на саступкі.

9. Якой будзе цана на газ для Беларусі ў сьнежні 2020 году?

У другім квартале 2021 году будзе падзеньне цэнаў на энэрганосьбіты. А ў 2020 годзе цэны на газ ці то ня зьменяцца, ці то будуць расьці

10. Ці прымуць у Беларусі ў 2020 годзе закон аб прадухіленьні хатняга гвалту?

У 2020 годзе такі закон прыняты ня будзе. Будуць назапашвацца прэцэдэнты з абодвух бакоў. Таму гэта будзе год, калі будзе праца над гэтым законам, каб далей вызначыцца з формай. Мабыць, будзе толькі законапраект, звод правілаў, якія далей трэба напрацоўваць.

11. Ці лібэралізуюць антынаркатычнае заканадаўства і яго праваўжываньне?

Тут будзе гэтаксама, як і з законам аб хатнім гвалце. Таму, каб нешта зьмянілася, за такі закон варта пазмагацца. Істотныя зьмены ў гэтым рэчышчы варта чакаць у 2021 годзе.

12. Ці будуць у Беларусі масавыя пратэсты?

Чакаць іх варта. Яны будуць больш разнастайнымі па форме і зьмесьце, чым у мінулыя гады.

13. Колькі будзе каштаваць для беларусаў шэнгенская віза?

Цана панізіцца адносна сёлетніх. Але наколькі, цяжка сказаць.

14. Які адсотак грамадзянаў Беларусі з роднай беларускай мовай агучыць Белстат па выніках перапісу 2019 году?

Такіх людзей будзе больш за палову. Яшчэ там ёсьць пытаньне пра мову, на якой размаўляеце. І гэты адсотак павялічыцца. Уплыў беларускай мовы ў краіне павялічыцца. У гады, аналягічныя 2020 году, ствараліся ня толькі моўныя інстытуты, але і павялічваўся ўплыў беларускай мовы на грамадзтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG