Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея падпісалі дарожную мапу для адмены роўмінгу


Плата за ўваходныя выклікі ў роўмінгу ў так званай саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі павінна быць адмененая не пазьней за верасень 2020 году.

Пра гэта паведаміў ТАСС 22 сьнежня прэс-сакратар Мінкамсувязі РФ Яўген Новікаў са спасылкай на фінальную вэрсію дарожнай мапы, узгодненай Расеяй.

«Згодна зь фінальнай вэрсіяй дарожнай мапы для так званай адмены роўмінгу паміж Расеяй і Беларусьсю, у сакавіку 2020 году павінны быць гатовыя прапановы аб яе заканадаўчым замацаваньні. Сама плата за ўваходныя выклікі ў роўмінгу ў саюзнай дзяржаве павінна быць адмененая на працягу шасьці месяцаў пасьля гэтага, гэта значыць не пазьней за верасень 2020 году», — сказаў ён.

Яўген Новікаў адзначыў, што Расея цалкам узгадніла фінальную вэрсію дарожнай мапы, падпісала яе 19 сьнежня і чакае падпісаньня беларускім бокам.

23 сьнежня Міністэрства сувязі Беларусі паведаміла, што Беларусь таксама падпісала «дарожную карту» па адмене роўмінгу на тэрыторыі саюзнай дзяржавы, піша «Інтэрфакс».

Раней міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін у інтэрвію перадачы «Масква. Крэмль. Пуцін» на тэлеканале «Россия 1» паведаміў, што канкрэтная дата адмены роўмінгу паміж Расеяй і Беларусьсю ў 2020 годзе зафіксаваная, аднак гэта рашэньне набудзе сілу толькі ў рамках пакетнага пагадненьня.

Саюзны роўмінг разглядаўся на ўзроўні ўрадаў у рамках работы над 31 дарожнай мапай па далейшай інтэграцыі Беларусі і Расеі, таму што гэта рашэньне патрабуе зьменаў у заканадаўстве Беларусі і Расеі.

Беларусь і Расея спрабавалі дамовіцца аб адмене роўмінгу з 2017 году. Рознагалосьсі паміж бакамі ўзьнікалі празь міжапэратарскія роўмінгавыя тарыфы і стаўкі інтэрканэкту (сума, якую апэратар плаціць другому за хвіліну размовы абанэнта па-за сваёй сеткай; у Беларусі яна складае 30 цэнтаў за хвіліну, у Расеі стаўка ўдвая ніжэйшая). Пуцін і Лукашэнка даручылі зацьвердзіць адмену роўмінгу ў верасьні 2019 году, аднак гэтага не адбылося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG