Увечары 19 сьнежня невядомы адкрыў стральбу, як мяркуецца, з аўтамата, каля будынку ФСБ на Лубянцы. Як паведаміў Цэнтар грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі, стральба пачалася ў 18:10 каля прыёмнай ФСБ у Маскве на вуліцы Кузнецкі Мост, дом 23.
Загінуў супрацоўнік Дзяржаўнай інспэкцыі бясьпекі дарожнага руху (ДІБДР) Ільля Фісенка: ён памёр на месцы ад ран.
Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што «вельмі цяжка» параненыя два супрацоўнікі ФСБ, адзін зь іх у галаву, а ўсяго пацярпелі пяць чалавек.
Сьведкі пацьвердзілі інфармацыю аб некалькіх параненых: карэспандэнт «Медиазоны» перадаў са скрыжаваньня Мясьніцкай вуліцы і Фуркасаўскага завулку, што кагосьці несьлі на насілках.
Заведзена крымінальная справа аб замаху на жыцьцё супрацоўніка праваахоўных органаў, паведаміла «Інтэрфаксу» прадстаўнік СК Святлана Пятрэнка.
Агенцтва «Масква» і RT спачатку паведамілі, што тых, хто нападаў было трое, і ў перастрэлцы з аховай прыёмнай двое нападнікаў былі забітыя. Яшчэ адзін, паводле вэрсіі гэтых СМІ, выбег на вуліцу, дзе працягнуў страляць і забіў супрацоўніка ДІБДР, які дзяжурыў насупраць будынка прыёмнай.
Пасьля гэтага стрэлок прабег каля 300 мэтраў — да канца вуліцы Кузьнецкі Мост і, адстрэльваючыся, павярнуў на плошчу Вароўскага. Там ён забег у адзін з дамоў, дзе і быў застрэлены сілавікамі.
Аднак пазьней у прэсавай службе ФСБ паведамілі, што нападнік быў адзін, і трапіць у будынак спэцслужбы яму нібыта так і не ўдалося. Астатнія дэталі і месца гібелі нападніка з вэрсіяй RT і «Масквы» не разыходзяцца.
Паводле словаў сілавікоў і спэцназаўцаў на месцы, застрэлены нападнік быў апрануты як спэцназавец.
У горадзе на некаторы час быў уведзены план «Сірэна», некалькі вуліц вакол Лубянкі перакрытыя, на іх былі бачныя людзі з аўтаматычнай зброяй у руках.
У момант стральбы прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін быў у Вялікім Крамлёўскім палацы на канцэрце ў гонар работнікаў спэцслужбаў у Дзень работніка органаў бясьпекі (ФСБ, СВР і ФСА Расеі), само прафэсійнае сьвята адзначаецца 20 сьнежня. Там, як паведамляюць агенцтвы, Пуцін заклікаў «узмацняць працу па лініі контрвыведкі».
Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў паведаміў, што прэзыдэнту даклалі аб нападзе.