Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камандзір з «ДНР», сьведка ў справе зьбітага «Боінга», паскардзіўся ў Эўрапейскі суд на Нідэрлянды і Ўкраіну


Уладзімір Цэмах

Уладзімір Цэмах, адзін з галоўных сьведак па справе аб крушэньні малайзійскага «Боінга» рэйсу MH17 падаў скаргу ў Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры супраць Украіны і Нідэрляндаў.

Ён абвінавачвае супрацоўнікаў праваахоўных органаў гэтых краін у незаконным выкраданьні і ўтрыманьні ў сьледчым ізалятары ў Кіеве, а таксама ва ўжываньні да яго ў камэры псыхатропных прэпаратаў. Пра гэта паведаміў расейскаму агенцтву ТАСС адвакат Цэмаха Анатоль Кучар.

На пачатку сьнежня пракуратура Нідэрляндаў абвінаваціла расейскія ўлады ў тым, што яны адмовіліся задаволіць запыт аб арышце і экстрадыцыі Ўладзіміра Цэмаха ў гэтую краіну. Цэмах быў камандзірам супрацьпаветранай абароны (СПА) самаабвешчанай «ДНР». Ён камандаваў СПА ў раёне гораду Сьнежнае летам 2014 году, калі быў зьбіты малайзійскі «Боінг» рэйсу MH-17 і лічыцца адным з галоўных сьведкаў у справе аб крушэньні лайнэра.

Супрацоўнікі ўкраінскіх спэцслужбаў у канцы чэрвеня 2019 году выкралі Цэмаха зь непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі, пасьля чаго ён больш за два месяцы правёў у СІЗА ў Кіеве. Але потым ён быў абменены ў рамках «вялікага абмену» зьняволенымі паміж Расеяй і Ўкраінай у верасьні 2019 году. Пасьля абмену ён нейкі час правёў у Расеі, пасьля чаго зьехаў назад у «ДНР».

Адразу пасьля абмену нідэрляндзкія ўлады неадкладна запатрабавалі ад расейскіх уладаў арышту Цэмаха для экстрадыцыі ў Нідэрлянды. У дзень абмену 7 верасьня Нідэрлянды атрымалі ад Масквы пацьверджаньне, што запыт аб арышце Цэмаха быў атрыманы, але 19 лістапада 2019 году Дзяржаўная пракуратура Нідэрляндаў атрымала ад расейскіх уладаў апавяшчэньне, што арыштаваць Цэмаха немагчыма: ён паехаў у «ДНР» і адтуль ня можа быць выдадзены.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG