Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Нямеччыны адмежаваўся ад менскай сустрэчы дэпутата Бундэстагу з данецкімі сэпаратыстамі


Міністар замежных спраў Нямеччыны Хайка Маас
Міністар замежных спраў Нямеччыны Хайка Маас

Нямецкі бок не садзейнічаў паездцы дэпутата Бундэстагу Ульрыха Ёмэ (фракцыя праварадыкальнай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны») у Менск для сустрэчы з прадстаўнікамі не кантраляваных Кіевам асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей. Пра гэта агенцтву БелаПАН заявілі ў МЗС Нямеччыны.

«Зьнешнепалітычнаму ведамству не была вядомая мэта паездкі дэпутата. Нямецкая амбасада ў Менску падчас паездкі і арганізацыі названай сустрэчы не надавала ніякага садзейнічаньня», — паведамілі ў МЗС.

У ведамстве таксама адзначылі, што 12 сьнежня міністар замежных спраў Нямеччыны Хайка Маас (Heiko Maas) праінфармаваў парлямэнт аб выніках саміту «нармандзкай чацьвёркі» ў Парыжы (9 сьнежня), заявіўшы, што, на думку нямецкага боку, менскія пагадненьні зьяўляюцца стратэгічным плянам рашэньня канфлікту ва Ўкраіне, і ФРГ падтрымлівае аднаўленьне поўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

6 сьнежня ў Менску прайшла нефармальная сустрэча прадстаўнікоў некантраляваных Кіевам раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей зь нямецкім парлямэнтарам Ульрыхам Ёмэ (Ulrich Oehme).

Дэпутат Бундэстагу Ёмэ сярод іншага заявіў пра міратворчы характар сваёй місіі і пра тое, што ён нібыта інфармаваў пра менскую сустрэчу амбасаду Ўкраіны.

Пры гэтым амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім заявіў, што яго і амбасаду ніхто не інфармаваў пра такую сустрэчу.

«Дэпутаты Бундэстагу свабодныя ў сваіх паводзінах, не пракантралюеш кожнага дэпутата. Магчыма, нямецкі дэпутат праінфармаваў пасольства Ўкраіны ў Бэрліне, а ня ў Менску, перад адʼездам», — дапусьціў амбасадар Кізім.

«Але калі б нас праінфармавалі і я пагаварыў бы з гэтым дэпутатам, то я б пратэставаў: мы супраць такіх сустрэч, якія легітымізуюць незаконныя ўзброеныя фармаваньні, якімі зьяўляюцца так званыя ЛНР і ДНР.

Усе перамовы павінны праходзіць у межах Трохбаковай кантактнай групы, наступнае пасяджэньне якой заплянаванае на 18 сьнежня. У цяперашні час мы вывучаем абставіны гэтай сустрэчы праз МЗС Беларусі і хацелі б пагаварыць таксама з паслом Нямеччыны ў Беларусі», — заявіў Свабодзе Ігар Кізім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG