Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі амбасадар патлумачыў, калі Беларусь атрымае льготную цану на газ


Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітры Мезенцаў, архіўнае фота
Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітры Мезенцаў, архіўнае фота

Расейскі бок мае намер прытрымлівацца пакетнага прынцыпу пры абмеркаваньні і рэалізацыі дарожных карт па інтэграцыі, у тым ліку па доступе беларускіх тавараў на расейскі рынак і фармаваньні цаны на газ для Беларусі з 2020 году, заявіў журналістам 17 сьнежня ў Менску амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітры Мезенцаў, паведамляе «Інтэрфакс».

«Пазыцыя (расейскага боку — рэд.) адзіная. Ільготны рэжым пры рэалізацыі ўсяго пакету дарожных карт, падкрэсьліваю ўсяго пакету дарожных карт, павінен быць аднолькавы для расейскага і беларускага вытворцы», — сказаў Мезенцаў.

Паводле яго, «гэта ўзаемаўвязаныя падыходы, у тым ліку і на аснове ўніфікацыі або збліжэньня нацыянальнага заканадаўства», у тым ліку нарматыўнай базы, і «немагчыма гаварыць аб адзіным ільготным рэжыме» без аб’яднаньня падыходаў у рамках яе ўдасканаленьня.

Амбасадар таксама падкрэсьліў, што такі падыход Расея захоўвае і пры абмеркаваньні з Менскам цэны на газ для Беларусі з 2020 году.

«Цана на газ на наступны год — гэта не пытаньне той ці іншай дарожнай карты. Сёньня дарожныя карты абʼядноўваюць макраўмовы, базавыя прынцыпы фармаваньня адзінай эканамічнай, прамысловай, сельскагаспадарчай, тарыфнай, мытнай палітыкі», — сказаў Мезенцаў.

Прэзыдэнты Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін 8 сьнежня ў Сочы абмеркавалі ў тым ліку цэны на энэрганосьбіты на 2020 год. Пасьля амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка паведаміў, што пытаньне па цане расейскага газу для Беларусі павінна вырашыцца на працягу двух тыдняў.

У 2019 годзе заканчваецца дзеяньне пратаколу аб цэнах на газ, які Беларусь і Расея заключылі ў 2017 годзе. Цяпер Беларусь купляе ў Расеі газ за 127 даляраў за кубамэтар. Беларускі бок настойвае на зьніжэньні кошту да ўнутрырасейскага ўзроўню. У сваю чаргу Расея зьвязвае вырашэньне гэтага пытаньня з тэмай паглыбленьня інтэграцыі паміж дзьвюма краінамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG