Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць загадчыцу дзіцячага садка, якая вымагала грошы з падначаленых. Даніну плацілі 16 чалавек


Ала Пастухова ў судзе

Загадчыца была на раённай дошцы гонару і мела грамату Магілёўскага аблвыканкаму. Нязьменна старшынявала ва ўчастковых камісіях падчас выбарчых кампаніяў.

Чэрыкаўскі раённы суд у Магілёўскай вобласьці разглядае крымінальную справу супраць былой загадчыцы «перадавога» дзіцячага садка № 19 з Крычава Алы Пастуховай.

Ёй выставілі абвінавачаньне паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх злоўжываньне ўладаю і перавышэньне службовых паўнамоцтваў з карысьлівых інтарэсаў. Паводле гэтых артыкулаў ёй пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Сьледзтва прыйшло да высновы, што дзеяньні Пастуховай нанесьлі шкоду правам грамадзян ды дзяржаўным інтарэсам у буйным памеры. 16 супрацоўніц дзіцячага садка, якім кіравала абвінавачаная, прызнаныя пацярпелымі. Усе яны ў першы дзень працэсу, 16 сьнежня, былі ў судзе.

62-гадовая Ала Пастухова пад хатнім арыштам. У судовай залі яна знаходзіцца безь міліцэйскага канвою.

Што высьветліла сьледзтва

  • Паводле сьледзтва, Пастухова арганізавала на «пастаяннай сыстэмнай аснове» зьбіраньне грошай ад падначаленых. Ім выплачвалася матэрыяльная дапамога, большую частку якой яны аддавалі ёй. Сума вагалася ад 25 да 120 рублёў.
  • Зьбірала грошы, ня ведаючы, што гэта незаконна, справаводніца дзіцячай установы. Яна ж і паведамляла супрацоўнікам садка, якую суму яны павінны перадаць празь яе Пастуховай. Калі не было справаводніцы, яе калегі прыносілі грошы непасрэдна загадчыцы. Такая схема пабораў трывала з 2015-га па 2018 год. За гэты час Пастухова нанесла шкоду падначаленым на больш як 10 тысяч рублёў
  • Пастухова таксама давала ўказаньні падначаленым, каб тыя дапамагалі ў працоўны час па гаспадарцы яе састарэламу бацьку, рамантавалі ейную кватэру ды дачу. Так, прыбіральніца садка неаднаразова насіла бацьку ежу, якую давала ёй Пастухова, набывала яму харчы ў краме, а таксама выконвала іншыя работы па гаспадарцы, якія даручала начальніца. Акрамя таго, прыбіральніца вазіла ў Магілёў грошы і харчы «нявысьветленаму родзічу» Пастуховай. Паводле пацярпелай, гэта была дачка абвінавачанай.
  • Іншыя супрацоўнікі «дапамагалі» загадчыцы пераносіць ейнаму бацьку брыкет, фарбавалі яму хату. У табэлі ўліку працоўнага часу тым, хто выконваў даручэньні Пастуховай, пазначалася, што яны былі ў садку і атрымлівалі заробак, як за выкананьне службовых абавязкаў. Сьледзтва шкоду падначаленым ад такіх дзеяньняў Пастуховай вызначылі ў амаль 900 рублёў.
  • Абвінавачваецца Пастухова і ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Паводле сьледзтва яна прысабечвала будаўнічыя матэрыялы, якія выдзяляліся на рамонт дзіцячай установы. Сьледчыя выявілі крадзенае ў падвале садка і кваліфікавалі дзеяньні абвінавачанай як замах на злачынства.

Пазыцыя абвінавачанай

Выстаўленага абвінавачаньня Ала Пастухова не прызнала. Сваю пазыцыю яна патлумачыць пасьля допыту пацярпелых ды сьведкаў. Калі зачытвалі вынікі сьледзтва, былая загадчыца садка плакала.

Пра затрыманьне Пастуховай стала вядома 1 красавіка 2019 году. Як кажуць былыя падначаленыя, яе арыштавалі на працоўным месцы. Некалькі месяцаў яна ўтрымлівалася ў сьледчым ізалятары Магілёўскай турмы №4. Потым ёй зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт. У садку больш не працуе – на пэнсіі. Пакуль вялося сьледзтва, у яе памёр бацька.

Што казалі пацярпелыя?

Пацярпелыя ў сваіх паказаньнях суду характарызавалі Алу Пастухову як уладную, жорсткую і патрабавальную кіраўніцу. Яны ня ўтойвалі, што баяліся яе і, ня выканаўшы патрабаваньняў, рызыкавалі сутыкнуцца зь ціскам, перадузятым стаўленьнем ды з пагрозай не падоўжыць працоўны кантракт.

Пацярпелымі прызнаныя 16 супрацоўніц дзіцячага садка №19 Крычава.
Пацярпелымі прызнаныя 16 супрацоўніц дзіцячага садка №19 Крычава.

Па словах супрацоўнікаў садка, яны здагадваліся, што ўказаньні загадчыцы наконт «вяртаньня» матэрыяльнай дапамогі незаконныя, але пратэставаць не адважваліся. Паводле сьледзтва, сума даплаты, якую яны аддавалі Пастуховай, у некаторых супрацоўнікаў садка сягала 120 рублёў за месяц. У некаторых яна была большай за аклад.

Тыя, хто не падпарадкоўваўся незаконным загадам, у судзе наракалі, што іх «незаслужана загадчыца крытыкавала».

«Той, хто быў з характарам, да таго загадчыца не чаплялася», – прызналася адна з пацярпелых.

Паводле пацярпелых, пра парадкі ў садку ў Крычаўскім райвыканкаме даведаўся з ананімнага ліста, які быў дасланы туды ў 2018 годзе. Яны кажуць, што прыяжджала камісія разьбірацца, праводзілі сход. Супрацоўнікі казалі, што гэта «не напалохала загадчыцу» і яна «пачала прэсінгаваць увесь калектыў».

«Казала нам, што яна працаваць будзе і далей, але вось нам трэба падумаць», – даводзіла суду былая падначаленая Пастуховай.

Паводле пацярпелых, каб адчуць працоўную атмасфэру ў садку, калі ім кіравала Пастухова, трэба было ў ім папрацаваць. Некаторыя супрацоўніцы казалі: калі зьмянілася загадчыца, у іх вырасьлі заробкі.

Пра дзіцячы садок №19 і яго загадчыцу

Дзіцячы садок, якім кіравала Ала Пастухова з 2002 году, у Крычаве лічыўся прывілеяваным. Пра яго дасягненьні пісала дзяржаўная прэса. У публікацыях дашкольную ўстанову называлі «перадавой», яна неаднойчы станавілася пераможцам раённых спаборніцтваў, апошні раз – у 2018 годзе. Сама загадчыца была на раённай дошцы гонару і мела грамату Магілёўскага аблвыканкаму. Нязьменна старшынявала ва ўчастковых камісіях падчас выбарчых кампаніяў.

29 жніўня 2014 году Пастухова выгнала з тэрыторыі садка журналістаў, якія спрабавалі пагутарыць зь яе падначаленымі пра абрынаньне будынку гімназіі. Гэтая навучальная ўстанова побач з садком.

Загадкавая сьмерць падначаленай Алы Пастуховай

Неўзабаве пасьля затрыманьня Пастуховай 8 красавіка патанула яе 41-гадовая падначаленая Натальля Яльцова. У садку яна працавала дэфэктолягам. Паводле некаторых крыніц, нябожчыца пакінула перадсьмяротную запіску. На беразе ракі Сож былі знойдзеныя таксама рэчы 78-гадовай маці патанулай. Цела маці дагэтуль ня адшукалі.

«Справа патанулай не зьвязаная з крымінальнай справай, якую завялі ў дачыненьні да яе былой начальніцы», – казалі Свабодзе ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці.

Паводле знаёмых Яльцовай, пасьля затрыманьня Пастуховай з супрацоўнікамі судка гутарылі сьледчыя, і Яльцова нібыта выгароджвала загадчыцу. Потым шкадавала пра тое, бо іншыя супрацоўнікі, наадварот, давалі выкрывальныя паказаньні. На думку суразмоўцаў Свабоды, гэта магло стаць прычынай, якая падштурхнула падначаленую Пастуховай да самагубства.

Пры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаная інфармацыя БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG