Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлеканал «Россия 1» паказаў нібыта «паўнавартаснае» інтэрвію зь Зяленскім


Уладзімер Зяленскі

Тэлеканал «Россия 1» паказаў у нядзельнай праграме «Масква. Крэмль Пуцін» анансаванае раней «першае паўнавартаснае інтэрвію» прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага расейскім журналістам. Яно доўжылася менш за хвіліну.

Пра тое, што Зяленскі даў інтэрвію расейскаму дзяржаўнаму тэлеканалу па выніках перамоў «нармандзкай чацьвёркі», сайт vesti.ru паведаміў 12 сьнежня. Зяленскі заявіў, што інтэрвію не даваў, а адказаў на пытаньне. У эфіры паказалі два пытаньні, якія задала Ўладзіміру Зяленскаму ў фае парыскага гатэля, дзе спынілася ўкраінская дэлегацыя, прадусар ВГТРК Алена Меньшыкава. Карэспандэнт ВГТРК Павел Зарубін, які агучваў сюжэт, назваў камэнтар Зяленскага паўнавартасным разгорнутым адказам.

На пытаньне, як яму першая сустрэча з Уладзімірам Пуціным, Зяленскі адказаў, што лічыць такія двухбаковыя сустрэчы правільнымі, бо яны даюць магчымасьць пакласьці канец вайне на тэрыторыі Ўкраіны. У адказ на просьбу ацаніць менскія пагадненьні прэзыдэнт Украіны зазначыў, што «час мяняецца» і ягонай краіне лепш відаць, як павінна ісьці ўрэгуляваньне. Паводле Зяленскага, нягледзячы на сустрэчу з Пуціным і перамовы «нармандзкай чацьвёркі», «застаецца шмат пытаньняў і розных поглядаў».

Саміт «нармандзкай чацьвёркі» прайшоў 9 сьнежня ў Парыжы. На ім прайшлі першыя двухбаковыя перамовы прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны — Уладзіміра Пуціна і Ўладзіміра Зяленскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG