Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прайграе дзяржава»: Міністэрства вэтэранаў Украіны пракамэнтавала расьсьледаваньне справы Шарамета


Аксана Каляда

Міністэрства вэтэранаў Украіны гатова юрыдычна дапамагаць падазраваным у справе забойства журналіста Паўла Шарамета.

Міністарка ў справах вэтэранаў, часова акупаваных тэрыторыяў і ўнутрана перамешчаных асобаў Аксана Каляда выказалася пра арышт падазраваных у справе забойства журналіста Паўла Шарамета.

Каляда падкрэсьліла, што падазраваных ведае асабіста і што ўсе яны ёсьць прызнанымі аўтарытэтамі ў вэтэранскім і валянтэрскім рухах.

«Чым бы ня скончылася гэтая справа — прайграе дзяржава, перш за ўсё рэпутацыйна», — заявіла Каляда.

Міністэрства вэтэранаў, паводле яе словаў, гатова аказаць праўную дапамогу падазраваным. У той жа час Каляда падкрэсьліла, што ўзровень доказнай базы «павінен быць абсалютна пераканаўчым» для ўсіх.

«У выпадку, калі ўзьнікнуць найменшыя сумневы ў адэкватнасьці абвінавачваньняў, рэпутацыйныя рызыкі дзяржавы будуць павялічаны ў разы», — дадала яна.

12 сьнежня ў Нацыянальнай паліцыі заявілі, што ў дачыненьні да забойства Шарамета падазраюць пяць чалавек: музыку Андрэя Антоненку, лекара Юлію Кузьменку, вайсковую мэдсястру Яну Дугар і сужэнцаў Іну і Ўладзіслава Грышчанкаў.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Кузьменка заклала выбухоўку пад аўтамабіль журналіста. Праваахоўнікі сьцьвярджаюць, што мэтаю забойства Шарамета была «дэстабілізацыя грамадзка-палітычнай сытуацыі» ва Ўкраіне.

13 сьнежня суд выбраў Дугар меру стрыманьня ў выглядзе цэладзённага хатняга арышту. Уначы 14 сьнежня Пячэрскі раённы суд Кіева арыштаваў на два месяцы Юлію Кузьменку і Андрэя Антоненку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG