Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы кангрэс за незалежнасьць Беларусі пройдзе ў лютым


Кангрэс за незалежнасьць. 2014 год. Ілюстрацыйнае фота.
Кангрэс за незалежнасьць. 2014 год. Ілюстрацыйнае фота.

Чарговы кангрэс за незалежнасьць Беларусі пройдзе ў лютым 2020 году, паведаміла БелаПАН старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ), экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Адпаведнае рашэньне было прынятае 13 сьнежня на пасяджэньні рады кангрэса. «Папярэдняя дата правядзеньня ў прамежку 16–23 лютага. Канкрэтную дату мы вызначым на наступным пасяджэньні рады 23 сьнежня», — сказала Анісім.

«Мы таксама вырашылі, што трэба прыцягваць да працы прадстаўнікоў палітычных партый. Таму на наступнае пасяджэньне рады будзем запрашаць прадстаўнікоў партый, грамадзкіх кампаній, ініцыятыў», — адзначыла яна.

Першая сэсія кангрэсу за незалежнасьць Беларусі прайшла 21 сьнежня 2014 году. У ёй прынялі ўдзел каля 100 прадстаўнікоў ТБМ, Рады беларускай інтэлігенцыі, Партыі БНФ, Абʼяднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і некаторых іншых арганізацый. Быў прыняты маніфэст у падтрымку незалежнасьці. У ім, у прыватнасьці, падкрэсьлівалася, што дамова аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу нясе новую пагрозу незалежнасьці Беларусі, бо шэраг яе палажэньняў супярэчаць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце і Канстытуцыі Беларусі.

Другая сэсія кангрэсу адбылася 7 чэрвеня 2015 году, за тры месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў, пры ўдзеле прыкладна 30 прадстаўнікоў палітычных сіл і грамадзкіх рухаў. Грамадзка-палітычны форум быў ініцыяваны ТБМ і Радай беларускай інтэлігенцыі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел актывісты Партыі БНФ, руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG