Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча назіраць за вучэньнямі NATO ў 2020 годзе


Вучэньні NATO у 2018 годзе, ілюстрацыйнае фота
Вучэньні NATO у 2018 годзе, ілюстрацыйнае фота

Беларусь зьвярнулася да NATO з просьбай даць ёй магчымасьць накіраваць назіральнікаў на заплянаваныя на 2020 год вучэньні Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Пра гэта 12 сьнежня на сэмінары «Міжнародная бясьпека і NATO у 2019 годзе» казаў прадстаўнік МЗС Беларусі Васіль Паўлаў. У сваім выступе ён заявіў, што ў Беларусі «назапашаны пазытыўны досьвед узаемадзеяньня з Паўночнаатлянтычным альянсам» і што «Беларусь была б удзячная за запрашэньне назіральнікаў ад краіны на вучэньні NATO ў 2020 годзе», цытуе яго словы БелТА.

Як паведамляе БелТА, удзел у сэмінары ўзялі прадстаўнікі дзяржаўных і грамадзкіх арганізацый Беларусі, Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы, дыпляматычных прадстаўніцтваў, экспэрты ў галіне міжнароднай бясьпекі.

Прадстаўнік дэпартамэнту грамадзкай дыпляматыі NATO Пётар Луняк заявіў, што NATO гатовая аказаць дапамогу Беларусі ў яе міратворчых ініцыятывах. Ён нагадаў, што з 1995 году Беларусь удзельнічае ў праграме NATO «Партнэрства дзеля міру», адзначыўшы, што дыялёг у цэлым шэрагу пытаньняў бясьпекі зьяўляецца асновай для партнэрства Беларусі і NATO.

  • Вучэньні NATO Defender-2020 пройдуць у 2020 годзе. У межах вучэньняў ЗША маюць намер адпрацаваць хуткае перакідваньне сваіх войскаў праз Атлянтычны акіян і Нямеччыну ў Польшчу і краіны Балтыі. Вучэньні стануць самымі маштабнымі за апошнія 25 гадоў. Усяго ў манэўрах будзе задзейнічана 37 тысяч салдат NATO з 18 краінаў, трэніроўкі пройдуць на тэрыторыі 10 краінаў.
  • Пасьля інфармацыі, аб прыбыцьці амэрыканскіх танкаў у Літву, дзе яны разьмесьцяцца на мяжы зь Беларусьсю да вясны 2020 году, Аляксандар Лукашэнка назваў вучэньні NATO Defender-2020 «незразумелымі». Разьмяшчэньне амэрыканскіх вайскоўцаў і танкаў у Літве ён назваў «прэцэдэнтам» і заявіў, што яму разам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным «давядзецца падумаць пра тое, як засьцерагчы сябе ў гэты пэрыяд».
  • 28 кастрычніка Лукашэнка склікаў нараду з удзелам дзяржсакратара Савета бясьпекі, міністра абароны і начальніка галоўнага выведнага ўпраўленьня Беларусі і заслухаў іх даклад «аб вайскова-палітычным становішчы, рызыках, выкліках і пагрозах для Беларусі, а таксама прапановах па рэагаваньні».
  • Пасьля нарады міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў што Беларусь плянуе шэраг захадаў для адэкватнага рэагаваньня на разьмяшчэньне тэхнікі войскаў NATO ля беларускай мяжы. У прыватнасьці, захады, скіраваныя на ўзмацненьне дзяржаўнай мяжы і павелічэньне колькасьці сухапутнага вайсковага кантынгенту на літоўскім напрамку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG