Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Браціславе адкрылі памятную дошку ў гонар Янкі Купалы. ФОТА

абноўлена

Пасол Ігар Ляшчэня адкрывае памятную дошку ў гонар Янкі Купалы

Гэта першы на тэрыторыі краіны памятны знак, прысьвечаны грамадзкаму дзеячу зь Беларусі. ​

11 сьнежня ў сталіцы Славаччыны Браціславе ўрачыста адкрылі мэмарыяльную дошку ў гонар клясыка беларускай літаратуры Янкі Купалы.

Дошка з гарэльефам разьмешчаная ў будынку найстарэйшага гатэля гораду Radisson Blu Carlton. Тут першы Народны паэт Беларусі спыняўся падчас візыту ў Чэхаславаччыну ў складзе дэлегацыі савецкіх пісьменьнікаў у кастрычніку 1935 году.

Барэльеф у гонар Янкі Купалы, аўтар Павал Вайніцкі
Барэльеф у гонар Янкі Купалы, аўтар Павал Вайніцкі

Як паведамілі ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы, адміністрацыя якога выступіла ініцыятарам ушанаваньня, праект рэалізаваны на спонсарскія сродкі. Ідэя ўвекавечыць беларускага песьняра нарадзілася падчас вандроўкі 2015 году — тады дзеячы беларускай культуры паўтарылі славацкі маршрут Купалы.

Для рэалізацыі задумаў спатрэбілася няшмат часу. У цырымоніі адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі бралі ўдзел амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня, дырэктарка купалаўскага музэя Алена Ляшковіч, скульптар Павал Вайніцкі, дзякуючы якому Купала таксама ўшанаваны ў Латвіі і Фінляндыі.

Алена Ляшковіч і Ігар Ляшчэня
Алена Ляшковіч і Ігар Ляшчэня

Ад славацкага боку прыйшлі знаўца творчасьці Янкі Купалы, былы амбасадар Славаччыны ў Беларусі Мар'ян Сэрватка, паэт-перакладчык Яраслаў Рэзьнік, выпускніца Белдзяржунівэрсытэту, дзяржсакратар Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Вольга Нахтманава, старшыня Канстытуцыйнага камітэту Нацыйнальнай рады Робэрт Мадэй, партнэры зь Літаратурнага і музычнага музэя ў Банскай Быстрыцы, уладальнікі гатэля, якія падтрымалі культурную ініцыятыву.

Безь нечага 85 гадоў таму здарыўся першы наўпроставы беларуска-славацкі культурны кантакт у найноўшай гісторыі, які заклаў падмурак будучых ўзаемаадносінаў. Падобныя мовы, культуры, мэнталітэт — вось галоўныя складнікі дружбы славакаў і беларусаў, адзначыў у прамове Ігар Ляшчэня.

«Калі мы гаворым адзін з адным, выкарыстоўваючы толькі беларускую і славацкую мовы, мы можам паразумецца, — цытуе дыплямата БелТА. — Практычна супадае па часе гісторыя абуджэньня нацыянальнай самасьвядомасьці і станаўленьня беларусаў і славакаў як самабытных самастойных народаў. Таму выключную важнасьць маюць крокі, якія прыцягваюць увагу да гісторыі нашых культурных сувязяў і садзейнічаюць іх разьвіцьцю».

Ігар Ляшчэня
Ігар Ляшчэня

У тым падарожжы Янка Купала быў сапраўдным народным дыпляматам, лічыць дырэктарка Дзяржаўнага літаратурнага музэя Алена Ляшковіч. Паводле яе, выдатны творца, якога суайчыньнікі назвалі прарокам нацыянальнага адраджэньня, таксама стаў паўнамоцным пасланцам сваёй Бацькаўшчыны на славацкай зямлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG