Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 75 гадоў пасьля гібелі Купалы. Някляеў: «Апэрацыя спэцслужбаў». Антановіч: «Няшчасны выпадак». А паводле Берыі — самагубства


75 гадоў таму ў Маскве загінуў Янка Купала. 28 чэрвеня 1942 году паэт упаў у лесьвічны пралёт гатэля «Масква». Што гэта было — няшчасны выпадак, самагубства ці забойства — адназначнага адказу дагэтуль няма.

Іван Антановіч: Трымаў руках арыгінал данясеньня Берыі Сталіну, дзе напісана, што пакончыў жыцьцё самагубствам народны пісьменьнік (не паэт, а пісьменьнік) Беларусі Янка Купала

Былы міністар замежных справаў Беларусі, а за савецкім часам загадчык аддзелу культуры ЦК КП БССР Іван Антановіч у свой час спрабаваў разгадаць таямніцу сьмерці Янкі Купалы.

Іван Антановіч: Сёлета 135 гадоў зь дня нараджэньня Янкі Купалы. А я быў адным з арганізатараў адзначэньня стагодзьдзя Янкі Купалы. Гэта было вялікае дзяржаўнае мерапрыемства — ўрачыстае пасяджэньне, канцэрт, вялікае сьвята на месцы яго нараджэньня, абнаўленьне ўсіх музэяў. А цяпер нешта нічога не чуваць... Але ж мы гаворым пра сьмерць Купалы.

Калі мы сьвяткавалі стагодзьдзе, зразумела, што ўвесь час выходзілі на гэтую трагічную тэму. І ёсьць успаміны людзей, якія былі побач зь ім у той трагічны час. Я памятаю, што мне расказваў Кандрат Кандратавіч Крапіва, Яўген Іванавіч Танк і Пятро Ўсьцінавіч Броўка.

Беларускія пісьменьнікі на сустрэчы зь Янам Райнісам. Сядзяць: Зьмітрок Бядуля, Ян Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва. Стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімер Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны.
Беларускія пісьменьнікі на сустрэчы зь Янам Райнісам. Сядзяць: Зьмітрок Бядуля, Ян Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва. Стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімер Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны.

Кандрат Кандратавіч казаў, што Іван Дамінікавіч быў у вельмі напружаным стане (тады таксама быў ягоны юбілей — 60-годзьдзе), і нават крыху крыўдзіўся Крапіве, што ў Маскве ня любяць нікога называць геніям, апрача самога сябе, бо калі б гэта было дома, то ён быў бы цэнтральнай фігурай, а там неяк ніхто не сьпяшаўся...

Іван Дамінікавіч скардзіўся, што яму паступалі пагрозы па тэлефоне ў гатэлі, дзе ён жыў

Я гэта кажу ўпершыню. Кандрат Кандратавіч сказаў, што Іван Дамінікавіч скардзіўся, што яму паступалі пагрозы па тэлефоне ў гатэлі, дзе ён жыў. Ён паведаміў пра гэта, як тады і было патрэбна, як кажуць, куды сьлед. Але які быў адказ з месца, дзе той сьлед, не было вядома. Кандрат Кандратавіч казаў, што Купала быў пад прыцэлам ня толькі дамашніх спэцслужбаў (тады яны былі ў нас вельмі вёрткія), але і нямецкіх. Ён казаў мне, што «ты і ўявіць ня можаш, які розгалас меў ягоны верш «Партызаны, партызаны, беларускія сыны». Купала пачынаў актыўна супрацоўнічаць у славянскім руху, які тады адраджаўся. Крапіва казаў, што нядобразычліўцаў было многа. Больш з Кандрата Кандратавіча выцягнуць было нельга. Аднак ён жа сказаў, што Іван Дамінікавіч, калі пераехаў з Казані ў Маскву, кінуў тыя ня лепшыя прывычкі, за якія яго часта цяпер папікаюць, і быў вельмі спакойны і засяроджаны.

Гэтую думку пацьвярджае Яўген Іванавіч Танк. Ён казаў, што трагедыя здарылася ў некалькі імгненьняў. Сабраліся беларусы, некаторыя прыехалі з фронту і, як заўсёды, у такіх бяседах не хапае, ведаеце чаго. Купала ўстаў і кажа, у мяне ёсьць яшчэ талёны, я ж цяпер да іх ашчаджальны. Гэтыя словы цытаваў Танк. І Купала выйшаў. Праз некалькі імгненьняў у калідоры пачаўся шум, потым усе пабеглі ўніз...

Гатэль "Масква". Марка СССР 1946 год.
Гатэль "Масква". Марка СССР 1946 год.

Танк казаў, што аблічча ўжо мёртвага Купалы ўсіх уразіла. Ён зьвярнуў увагу, што на ордэне Леніна была зьбітая эмаль, а на твары не было пашкоджаньняў і не было крыві. Яўген Іванавіч больш пра гэта мне нічога не сказаў.

Так выглядаў пралёт у гатэлі «Масква». Фота з сайту varlamov.ru.
Так выглядаў пралёт у гатэлі «Масква». Фота з сайту varlamov.ru.

Потым некалькі разоў мне казаў Пятро Ўсьцінавіч Броўка, што Купала тады быў вельмі напружаны працай, да яго добра ставіліся, і падстаў, каб адчуваць нейкую небясьпеку, у яго не было.

Я двойчы залазіў у архівы ў часы, калі быў загадчыкам аддзелу культуры і членам ЦК КП Беларусі. Павінен сказаць, што тады мне было лягчэй пранікнуць туды, чым цяпер. Цяпер сакрэтнасьць вельмі высокая.

Але я ня ўсё магу сказаць... Я бачыў аўтапсію, у якой было напісана, што сьмерць наступіла ад разрыву сэрца ў часе падзеньня. Я ня ўсе памятаю, гэта ж мэдычнае заключэньне, запомніць наогул нельга. А другая часта аўтапсіі — сьлядоў гвалтоўнага ўзьдзеяньня не адзначана.

на ордэне Леніна была зьбітая эмаль, а на твары не было пашкоджаньняў і не было крыві

Потым ужо я трымаў руках арыгінал данясеньня Лаўрэнцыя Паўлавіча Берыі Сталіну, дзе было напісана, што такога чысла ноччу пакончыў жыцьцё самагубствам народны пісьменьнік (не паэт, пісьменьнік было напісана) Беларусі Янка Купала. Ён быў у стане апʼяненьня. Такая фраза была. Вельмі кароткая інфармацыя. Рэзалюцыі Сталіна, як гэта звычайна было на данясеньнях, якія прыходзілі да яго, не было.

Я бачыў яшчэ болей, але проста не магу сказаць... Але тое, што я бачыў, на таямніцу сьмерці не пралівае новага сьвятла. Я таму і думаю, што ёсьць вялікая верагоднасьць верыць таму, што ўжо нам вядома — гэта няшчасны выпадак. Акадэмік Буслаў у свой час казаў мне (Танк мне гэтага не казаў, а яму расказваў), што былі ўспаміны сьведкаў, што ў апошнія імгненьні, быццам бы, Купала сядзеў на парапэце і размаўляў з жанчынай. А пралёт быў шырокі ў гатэлі «Масква»... Мы заўсёды там жылі...

У той суровы час вайны геній Купалы намнога быў уладам больш патрэбны, чым ягоная сьмерць. У гэтым я быў абсалютна ўпэўнены, бо Купала ў той час быў ляяльны, можа больш, чым сёньня гэта нам з вамі хацелася прызнаць, але такі быў час.

Вэрсіі заўсёды будуць усплываць, бо надзвычай трагічная сьмерць, кожнаму падаецца, што ён можа дакапацца. Мне здаецца, што дакапацца больш не ўдасца, бо я не ўпэўнены, што гэтыя архівы доўга і захаваюцца. Цяпер ідзе ў архівах вялікая чыстка новых часоў... На жаль, тыя, зь кім я размаўляў, не паўтораць свае словы, іх няма на сьвеце, хутка і мяне ня будзе, таму я і вырашыў расказаць, што я ведаю, бо гэтая трагедыя будзе хваляваць усіх нас вельмі доўга недарэчнасьцю сваёй і не да канца вытлумачанасьцю. Але я ня ведаю вялікіх трагедый, якія былі бы асабліва вытлумачаныя да канца.

Някляеў: Сьмерць Купалы не была самагубствам, што гэта была апэрацыя тагачасных спэцслужбаў

Колішні старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Уладзімер Някляеў пачаў цікавіцца таямніцай гібелі Купалы яшчэ ў 1970-ыя гады, калі вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. Гадоў дзесяць таму ён абнародаваў сваю вэрсію гібелі Купалы.

Уладзімер Някляеў: Я паспрабаваў знайсьці ключы да разгадкі, яшчэ калі вучыўся ў Маскве ў Літаратурным інстытуце. Гэта быў пачатак 1970-х гадоў. Жывыя былі яшчэ тыя людзі, зь якімі Купала сустракаўся, калі езьдзіў у Маскву на ўсякія літаратурныя ды культурныя мерапрыемствы, на дэкаду мастацтваў, на ўручэньне ордэну, атрыманьне сталінскай прэміі, сьвяткаваньне юбілею Пушкіна і гэтак далей. У адрозьненьне ад беларускіх пісьменьнікаў, якія былі побач з Купалам у той дзень, 28 чэрвеня 1942 году, якія не пакінулі абсалютна ніякіх уцямных сьведчаньняў пра тое, што зь ім насамрэч сталася, гэтыя людзі мне далі нейкія ключыкі. Так мне здавалася ў той час.

мяне адсылалі з Камітэту дзяржбясьпекі ў архіў ЦК КПСС, які стаў архівам прэзыдэнта, адтуль назад у камітэт, і нідзе нічога такога, што б адкрыла гэтую таямніцу, не знаходзілася

Я пачаў шукаць замочкі на тых шафачках, якія можна было адчыніць тымі ключыкамі. Нешта знайшоў, але гэтага яўна было недастаткова, для таго, каб узьнікла больш-менш рэальная вэрсія таго, што адбылося. Бо былі 70-я гады савецкай эпохі, калі таямніцы не адчыняліся для тых, хто ня быў да іх набліжаны ці па сваім званьні, ці па сваёй пасадзе. Калі ня стала СССР, распалася імпэрыя, я вярнуўся да спробы разгадаць гэтую загадку, бо меў на гэта ня толькі жаданьне, але і права, стаўшы старшынём Саюзу пісьменьнікаў, рэдактарам часопісу «Крыніца», газэты «Літаратура і Мастацтва» і гэтак далей. Я зьвярнуўся ў наш Камітэт дзяржбясьпекі, дзе мне паказалі (сказалі, што гэта ўсё, што ў нас ёсьць) дакумэнты, зьвязаныя з гібельлю Купалы. Некалькі разоў я езьдзіў у Маскву. Там мяне адсылалі з Камітэту дзяржбясьпекі ў архіў ЦК КПСС, які стаў архівам прэзыдэнта, адтуль назад у камітэт, і нідзе нічога такога, што б адкрыла гэтую таямніцу, не знаходзілася.

Магіла Янкі Купалы ў Меснку.
Магіла Янкі Купалы ў Меснку.

Але ўсё ж нейкія дакумэнты, нейкія новыя зьвесткі далі мне магчымасьць стварыць вэрсію таго, што сталася, і калі Купалу забілі, дык па якой прычыне яго забілі, калі прытрымлівацца вэрсіі, што гэта было не самагубства. Шмат фактаў там не было, але тых, якія я знайшоў, хапіла для гэтай вэрсіі. Былі і іншыя расповеды. Сын Якуба Коласа расказаў мне такія рэчы, пра якія раней усе маўчалі.

Карацей, сыходзячы з гэтага я асабіста пераканаўся ў тым, (гэта не азначае, што дакумэнтальна пацьверджана), што сьмерць Купалы не была самагубствам, што гэта была апэрацыя тагачасных спэцслужбаў. Прычына, па якой гэта зрабілі з Купалам, чаму скінулі зь 10 паверху гатэлю «Масква», палягае ў наступным.

некалькі разоў прымаліся рашэньні аб ягоным зьняволеньні як лідэра беларускага нацыянал-дэмакратычнага руху, але ніводнага разу па розных прычынах гэтыя рашэньні не даводзіліся да канца

Па-першае, некалькі разоў прымаліся рашэньні аб ягоным зьняволеньні як лідэра беларускага нацыянал-дэмакратычнага руху, але ніводнага разу па розных прычынах гэтыя рашэньні не даводзіліся да канца. Апошнім разам праз тое, што ён сам зрабіў спробу самагубства. Як з гэтай спробы не пасьміхаліся, маўляў, каб хацеў зарэзацца, зарэзаўся бы, усё ж гэтая спроба была расцэненая сурʼёзна, і тады ад яго зноў адчапіліся. Пасьля таго, як яму далі ордэн Леніна, а пасьля ў 1940-м годзе вясной ён атрымаў і сталінскую прэмію, была, мяркуючы па дакумэнтах, яшчэ адна спроба як раз пад прыкрыцьцём гэтых узнагародаў і званьняў зь ім расправіцца, якая ізноў жа не была да канца даведзеная.

І толькі ўжо ў часе вайны, калі вырашалася пытаньне, быць ці ня быць савецкаму ладу, калі немцы ў 1941-м падышлі да Масквы і ў 1942 яшчэ моцна хісталася сытуацыя, лідэрства Купалы як чалавека, які прадстаўляе беларускую нацыю, палічылі гранічна небясьпечным, і прычынай таму сталася найменьне адной з вуліц у Менску як бы іменем Янкі Купалы, Івана Луцэвіча, а насамрэч вуліца займела найменьне Івана Луцкевіча, вядомага вучонага, археоляга, дзеяча беларускай дэмакратыі.

Сталін сам даў для гэтага рэцэпт: «Няма чалавека — няма праблемы»

А людзі, якія ўгадвалі ва ўсе часы жаданьне ўладаў, жаданьне начальства, напісалі такія паперы, зь якіх вынікала, што вуліца названая імем менавіта Янкі Купалы. А гэта азначала, што зробленая вялізная ідэалягічная памылка, бо ворагу савецкай улады прысвоена званьне ляўрэата Сталінскай прэміі, гэты вораг узнагароджаны ордэнам Леніна, і гэта ўсё адбывалася пры непасрэдным удзеле таварыша Сталіна, і значыць таварыш Сталін дапусьціў сурʼёзную памылку. Як гэтую праблему можна было вырашаць? Сталін сам даў для гэтага рэцэпт: «Няма чалавека — няма праблемы». І сталася тое, што сталася 28 чэрвеня 1942 году.

Таямнічыя рэчы павінны проста прысутнічаць у лёсе любога выбітнага чалавека, а найбольш гэтыя таямнічыя рэчы павінны прысутнічаць у гісторыі народу

Я на сёньняшні дзень хоць і перакананы ў справядлівасьці гэтай вэрсіі, не настойваю на тым, што гэта ёсьць разгадка таямніцы сьмерці Янкі Купалы, хаця бы з той прычыны, што сама таямніца заўсёды больш глыбейшая за яе любую разгадку. Таямнічыя рэчы павінны проста прысутнічаць у лёсе любога выбітнага чалавека, а найбольш гэтыя таямнічыя рэчы павінны прысутнічаць у гісторыі народу, нацыі, якія знаходзяцца ў працэсе нацыянальнага станаўленьня, у працэсе самаідэнтыфікацыі.

Помнік у Менску. Купалаўскі сквэр.
Помнік у Менску. Купалаўскі сквэр.

Таму чым больш будзе ў нас таямніц (бо больш Янкаў Купалаў у нас наўрад ці будзе), тым больш будзе фантазій, тэкстаў на гэтую тэму, тым большы будзе інтарэс да постацей беларускай гісторыі, літаратуры і культуры і да самой Беларусі.

Купала ня быў такім чалавекам, якім ён паўстае ва ўспамінах ягоных сучасьнікаў, пераважна казённых

Сыходзячы з гэтага я напісаў аповесьць, якая ўмоўна называецца «На крыжы». Я паспрабаваў у фантасмагарычным творы разгадаць гэтую таямніцу, перамяшчаючы Купалу з гэтага сьвету на той, у якім ён апынуўся 28 чэрвеня 1942 году, і з таго ў гэты.

Купала ня быў такім чалавекам, якім ён паўстае ва ўспамінах ягоных сучасьнікаў, пераважна казённых, афіцыйных, што мяне вельмі зьдзіўляе. Гэта была больш буйная, маштабная чалавечая постаць, і я паставіў задачу павялічыць маштаб Купалы, перш за ўсё як чалавека і, безумоўна, як паэта, і ўвёў яго ў кантэкст адносінаў зь іншымі людзьмі, пра якія раней нічога не казаў, і іншыя абставіны.

Безумоўна, яны фантастычныя і фантасмагарычныя, але ўсё гэта, калі нават не было, заўсёды зьяўлялася адным з прыёмаў літаратуры, якім карысталіся ва ўсе часы, і зараз скарыстаўся я.

Урывак з аповесьці «На крыжы» можна прачытаць ТУТ.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG