Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Анти-Нехта»: «Омск Карбон Магілёў» адказаў на фільм блогера Nexta пра Лукашэнку


Ілюстрацыйнае фота. На прадпрыемстве «Омск Карбон Магілёў»

На афіцыйным Youtube-канале прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў» зьявілася відэа пад назвай «Анти-Нехта».

Як тлумачаць яго аўтары, ролік зьяўляецца адказам на згадку прадпрыемства ў фільме блогера Nexta пра Аляксандра Лукашэнку, які 21 лістапада быў прызнаны экстрэмісцкім.

«Нядаўні відэа-опус блогера Nexta, створаны далёка ня ў самых лепшых традацыях сусьветнай прапаганды, па сутнасьці сваёй зьяўляецца кампіляцыяй непацьверджаных фактаў, чутак і плётак. Адным словам, фільм-фэйк», — так ацэньваюць на пачатку амаль 4-хвіліннага роліка фільм блогера Nexta «Аляксандар Лукашэнка: крымінальныя матэрыялы».

Далей гаворыцца, што ў гэтым «так званым фільме мільгануў малюсенькі эпізод пра завод «Омск Карбон Магілёў».

«Прадпрыемства нароўні зь іншымі згадана як прыклад злога намеру прэзыдэнта Беларусі. Бо, на думку Nexta, Аляксандар Лукашэнка спрыяе пагаршэньню экалёгіі сінявокай, выступаючы за зьяўленьне ў краіне новых прадпрыемстваў»,— гаворыцца ў роліку.

Далей ягоныя аўтары прапануюць разабрацца, «у чым зламыснасьць дзеяньняў прэзыдэнта» і ў чым шкода заводу, і задаюцца рытарычнымі пытаньнямі: у тым, што Лукашэнка разьвівае эканоміку? У тым, што прадпрыемства стварае для магілёўцаў новыя працоўныя месцы, «вельмі строга сочыць за выкананьнем экалягічнага заканадаўства, «што б там ні казалі такія, як Nexta, псэўдаактывісты», укараняе супэрсучасныя інавацыйныя тэхнялёгіі, становіцца «пунктам росту беларускай прамысловасьці»?

«Наш ролік — цалкам лягічны адказ на так званы фільм блогера Нехта, дзе згаданы і наш завод», — пракамэнтавалі Tut.by стварэньне і публікацыю роліка ў прэс-службе прадпрыемства.

У прэс-службе адзначылі, што пікеты з антырасейскімі лёзунгамі супраць яшчэ не пабудаванага заводу «Омск Карбон Магілёў», якія праходзілі падчас перадвыбарчай кампаніі, паказваюць, што «сапернікам прэзыдэнта вельмі зручна выкарыстоўваць завод для распальваньня антырасейскай гістэрыі».

Сьцісла пра завод і грамадзкі пратэст супраць яго

  • Прадпрыемства з расейскім капіталам пачалі ўзводзіць у 2014 годзе на пляцоўцы № 4 Свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» за кілямэтар ад паселішчаў Вейна і Навасёлкі і гарадзкой мяжы абласнога цэнтру. Акрамя гэтага прадпрыемства, на пляцоўцы працуюць ці будуюцца яшчэ шэраг хімічных прадпрыемстваў.
  • У будаўніцтва прадпрыемства ўкладзена 135 мільёнаў эўра. Першую чаргу зьбіраліся запусьціць у сакавіку 2019 году.
  • Узьвядзеньне суправаджаецца грамадзкімі пратэстамі. Сваю нязгоду з будаўніцтвам прадпрыемства жыхары паселішчаў выказвалі на грамадзкіх сходах і зьбіраючы подпісы.
  • Пратэст абвастрыўся, калі ў ноч з 17 на 18 лістапада 2018 году прадпрыемства выкінула ў атмасфэру вялікі аб’ём сажы. Тады было выяўлена перавышэньне нарматыву цьвёрдых крупінак у 40 разоў.
  • Факт забруджваньня навакольнага асяродзьдзя на прадпрыемстве не прызнаюць. Заяўляюць, што гэта быў попел з суседняй ЦЭЦ-5.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG