Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякай палітыкі няма». Чаму з сайту раённай газэты прыбралі фота апазыцыянэра-вэтэрана


Фота зь Феліксам Шкірманковым у друкаваным варыянце газэты «Прысожскі край»

Газэта Слаўгарадзкага райвыканкаму (Магілёўская вобласьць) «Прысожскі край» апублікавала фатаздымак найстарэйшага сябра БНФ «Адраджэньне» і вэтэрана Другой усясьветнай вайны Фелікса Шкірманкова ў абвестцы пра падпіску на выданьне. Празь некалькі дзён фота 93-гадовага пазаштатнага карэспандэнта з сайту прыбралі.

На фатаздымак Шкірманкова ў рэклямнай абʼяве газэты «Прысожскі край» і яго зьнікненьне з сайту зьвярнуў увагу выпускаючы рэдактар магілёўскага інтэрнэт-выданьня 6tv.by Барыс Вырвіч.

Фелікс Шкірманкоў: «Быў зьдзіўлены, пабачыўшы сваё фота ў газэце»

Фелікс Шкірманкоў кажа, што ня супраць, каб слаўгарадзкая раёнка публікавала фатаздымкі зь ім, паколькі шмат гадоў піша для яе. Разам з тым прызнаецца, што зьдзівіўся, пабачыўшы сваё фота ў тэксьце з заклікам падпісвацца на газэту, бо яго не інфармавалі пра гэта.

Пра зьнікненьне фатаздымка з сайту газэты Шкірманкоў даведаўся ад карэспандэнта Свабоды. Разьбірацца з гэтым не зьбіраецца.

Паводле Фелікса Шкірманкова, фатаздымак, які зьявіўся ў газэце, зроблены на ягоную просьбу. Ён зьвяртаўся ў рэдакцыю, каб тая дапамагла яму зрабіць фота для кнігі, якую ён рыхтуе да друку, а таксама каб сама газэта мела «сьвяжэйшыя фатаздымкі зь ім».

Рэдактар газэты: фатаздымкам хацелі надаць імпульс падпісной кампаніі

Рэдактар газэты Ўладзімер Рыжанкоў даводзіць: фатаздымак Шкірманкова насіў ілюстрацыйны характар і злога намеру ў тым, што яго прыбралі з сайту, няма. Зьмясьціўшы фота, выданьне хацела надаць імпульс падпісной кампаніі, кажа ён.

«Ніякай палітыкі тут няма, — даводзіць рэдактар газэты. — Фатаздымкі Фелікса Ўладзімеравіча мы ня раз ставілі з розных нагод. Гэта паважаны і аўтарытэтны чалавек. Тое, што ён сябра БНФ — ягоная асабістая справа. Сваіх поглядаў ён нікому не навязвае».

Фелікс Шкірманкоў вярнуўся ў 1979 годзе ў родны Слаўгарад пасьля 30 гадоў працы на Калыме геолягам. Будучы старшынём Слаўгадзкага гарсавету (1990–1995 гады) стварыў раённую суполку Беларускага Народнага Фронту і камітэт «Дзеці Чарнобыля». Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі пакінуў пасаду і крытыкаваў ягоную палітыку.

Фелікс Шкірманкоў аўтар больш як 20 зборнікаў прозы і вершаў. Сёлета быў уганараваны мэдалём да 100 годзьдзя БНР.

Гэты артыкул падрыхтаваны з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG