Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прынцыпова новы этап»,— амбасадар Сямашка пра паглыбленую інтэграцыю з Расеяй 


Уладзімер Сямашка
Уладзімер Сямашка

Амбасадар Беларусі ў Расеі ў статусе віцэ-прэм’ера Ўладзімер Сямашка лічыць, што перамовы паміж кіраўнікамі дзьвюх краін ўяўляюць сабой «прынцыпова новы этап стварэньня эканамічнай базы» для рэалізацыі дамовы аб Саюзнай дзяржавы 1999 году.

«Дамову саму па сабе мы не чапаем, але глябальныя задачы, пастаўленыя ў ёй, безумоўна, павінны быць выкананыя. Стаіць задача ўзьвядзеньня матэрыяльнай і эканамічнай базы для дасягненьня тых мэтаў», — спасылаецца Інтэрфакс на выступ чыноўніка падчас навукова-практычнай канфэрэнцыі ў Маскве да 20-годзьдзя падпісаньня саюзнай дамовы.

Сямашка заявіў пра наяўнасьць «значнага патэнцыялу» у інтэграцыі Беларусі і Расеі.

«Мы жывём у тысячагодзьдзі з новымі рызыкамі, выклікамі і пагрозамі. У гэтых няпростых умовах нашым дзяржавам трэба рабіць сумесныя намаганьні дзеля пераходу ад сыравіннай эканомікі да эканомікі ведаў, перафарматаваньня вытворчасьці пад выпуск навукаёмістай прадукцыі з высокім дабаўленым коштам. Варта задзейнічаць усе рэзэрвы каапэрацыі для шырокага абмену тэхналёгіямі», — адзначыў амбасадар Сямашка.

Раней Сямашка нарабіў шуму, заявіўшы пра «грандыёзныя інтэграцыйныя мэты»: уніфікаванае падатковае заканадаўства, адзіны рынак нафты, газу і электраэнэргіі, нават супольны парлямэнт і ўрад з пэўнымі паўнамоцтвамі. Беларускаму боку потым давялося апраўдвацца, што пра парлямэнт і ўрад — гэта «вельмі далёкія пляны», у цяперашнім парадку дня гэтыя пункты адсутнічаюць.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін 7 сьнежня ў Сочы правялі чарговы раўнд перамоваў па ўзгадненьні праграмы паглыбленай інтэграцыі. Па выніках ніякіх заяваў зроблена не было, але яны дамовіліся сустрэцца яшчэ раз 20 сьнежня, гэтым разам у Санкт-Пецярбургу.

Беларуская апазыцыя на пляны «паглыбленай інтэграцыі» адрэагавала вулічнымі пратэстамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG