Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Маскве даў два гады калёніі экс-дэпутату Вярхоўнай Рады Ўкраіны


Мікалай Рудзькоўскі, архіўнае фота

Маскоўскі гарадзкі суд 9 сьнежня асудзіў на два гады калёніі былога дэпутата Вярхоўнай рады Ўкраіны Мікалая Рудзькоўскага. Яго прызналі вінаватым у нападзе на амбасаду Расеі ў Кіеве ўлетку 2014 году, паведамляе ТАСС.

Рудзькоўскі неаднаразова фігураваў у рэйтынгах самых багатых людзей Украіны: у апошнім рэйтынгу «Форбс-Украіна», які выйшаў у 2016 годзе, ён займаў 37-е месца — ягонае багацьце ацэньвалі на $124 млн. Таксама ён быў старшынём Сацыялістычнай партыі Украіны, а пасьля парлямэнцкіх выбараў 2012 году далучыўся да фракцыі Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча.

Інцыдэнт, пра які ідзе гаворка, адбыўся 14 чэрвеня 2014 году, празь некалькі месяцаў пасьля падзей Майдану і ўцёкаў Януковіча з Украіны. Тады пратэстоўцы, якія сабраліся каля амбасады Расеі ў Кіеве, атачылі дэпутата і прымусілі яго кінуць камень у будынак. Пасьля гэтага Рудзькоўскага аблілі зялёнкай і пракалолі шыны ягонага аўтамабіля Lexus, нягледзячы на тое, што да таго часу дэпутат ўжо афіцыйна выйшаў з фракцыі. Пратэстоўцы таксама патрабавалі прадаць аўтамабіль палітыка, а грошы экспрапрыяваць на патрэбы ўкраінскага войска.

Пасьля таго, як Рудзькоўскі пад прымусам кінуў камень, супраць яго ў Расеі пачалі крымінальную справу за напад на асоб або ўстановы, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай. 28 верасьня 2018 году, калі былы дэпутат Рады прыляцеў у Расею, ён быў затрыманы ў аэрапорце «Ўнукава». Пасьля арышту ён прызнаў сваю віну і папрасіў разгледзець ягоную справу ў адмысловым парадку.

Максымальнае пакараньне па артыкуле, паводле якога вінавацілі Рудзькоўскага, складае шэсьць гадоў турмы, і менавіта столькі патрабаваў пракурор. Але судзьдзя Алена Пасьпелава прыняла пад увагу, што Рудзькоўскі часткова кампэнсаваў шкоду, і ў выніку асудзіла яго на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG