Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніка старшыні КХП БНФ аштрафавалі за Дзяды і мітынг у Курапатах


Юрась Беленькі

Менскі раённы суд аштрафаваў Юрася Беленькага, намесьніка старшыні КХП БНФ, на 765 рублёў.

Палітыка пакаралі як арганізатара шэсьця на Дзяды і мітынгу ў Курапатах 3 лістапада ў Менску. Кіраўніцтва партыі, якое падала заяўку на акцыю, адмовілася складаць дамовы на паслугі зь міліцыяй і камунальнікамі. Пра гэта быў складзены пратакол, які разгледзеў судзьдзя Віктар Шаўцоў.

Першае паседжаньне ў справе прайшло 3 сьнежня. Выслухаўшы Юрася Беленькага і сьведку-міліцыянта, судзьдзя папрасіў Беленькага прынесьці некаторыя дакумэнты ды перанёс справу на 9 сьнежня.

Аднак сёньня, калі Юрась Беленькі паказаў запатрабаваныя дакумэнты, судзьдзя Шаўцоў далучыў іх да справы і адразу абвясьціў вырак — штраф у 30 базавых.

«Гэта цалкам палітычнае і незаконнае рашэньне. Відавочны ціск на тыя палітычныя структуры, якія стаяць на пазыцыях адстойваньня незалежнасьці і гатовыя арганізаваць масавыя пратэсты супраць паглынаньня Беларусі Расеяй», — сказаў у камэнтары пасьля суду Юрась Беленькі.

Палітык зьбіраецца абскардзіць пастанову Менскага раённага суду, і ў тым ліку накіраваць скаргу ў ААН. Апошні раз Юрася Беленькага штрафавалі за арганізацыю шэсьця і мітынг на Дзяды 5 гадоў таму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG