Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік Генштабу: беларускія вайскоўцы могуць паехаць у Лібан з італьянскай міратворчай місіяй


Алег Белаконеў

Начальнік Генштабу Ўзброеных сіл Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў расказаў «Нашай ніве» пра вынікі візыту ў Беларусь начальніка Генштабу Італіі Энца Вэчарэлі.

«У нас адна з задач — разьвіцьцё дзейнасьці ў рамках міратворчых сіл ААН, у тым ліку ў Лібане. На сёньня мы выконваем там пэўныя задачы: беларусы ёсьць у структурах забесьпячэньня і ў мэдыцынскім пэрсанале. Два нашыя апэратыўныя афіцэры таксама там», — расказаў Белаконеў.

Паводле яго, з начальнікам Генштабу Італіі яны абмяркоўвалі «тэхнічныя пытаньні, якія трэба ўнесьці ў дакумэнты, каб і беларускі вайсковы кантынгент змог паехаць у складзе італьянскіх сіл у Лібане і выконваць сумесныя задачы з сэрбамі, італьянцамі і палякамі». Вэчарэлі прыехаў у Беларусь на мінулым тыдні на асабістае запрашэньне Белаконева.

Як патлумачыў Белаконеў, Беларусь ня можа адправіць міратворцаў у Лібан, бо гэтае рашэньне прымае ААН. А кіраўнік кантынгенту ў Лібане — Італія, усё залежыць ад іх. Гаворка ідзе пра кантрактнікаў, а не салдатаў тэрміновай службы.

У 2010 годзе ў склад часовых сіл ААН у Лібане ў 2010 годзе накіравалася група прадстаўнікоў Узброеных сіл Беларусі з 9 чалавек. У 2016 годзе Менск пачаў перамовы аб павелічэньні колькасьці сваіх вайскоўцаў у складзе міратворчай місіі ААН у Лібане на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі «аб актывізацыі непасрэднай дзейнасьці ў рамках ААН».

На пытаньне, чаму Беларусь, якая дэкляруе ў Канстытуцыі імкненьне да нэўтралітэту, праводзіць вайсковыя вучэньні толькі з Расеяй і не праводзіць іх з NATO (як, напрыклад, Сэрбія, якая сябруе і трэнуе войскі і з Расеяй, і з NATO), Белаконеў адказаў:

«Беларусь гатовая да сумесных вучэньняў з NATO, ідуць нават перамовы пра магчымыя фарматы. Але гэта з той умовай, што NATO будзе разумець: наш стратэгічны саюзьнік — гэта Расея».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG