Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскі ляўрэат Гандке нахаміў журналісту ў Стакгольме


Пэтэр Гандке, Стакгольм
Пэтэр Гандке, Стакгольм

За чатыры дні да цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры ў сядзібе Швэдзкай акадэміі адбылася прэс-канфэрэнцыя двух ляўрэатаў: полькі Вольгі Такарчук і аўстрыйца Пэтэра Гандке.

Журналісты спрабавалі атрымаць ад Гандке адказ на пытаньне пра яго погляды наконт генацыду ў Срэбраніцы. Раней пісьменьнік адмаўляў факт масавай разьні.

— Погляды? У мяне няма ніякіх поглядаў. Я аматар літаратуры, а не поглядаў, — адказаў Гандке.

Калі амэрыканскі журналіст спытаў нобэлеўскага ляўрэата, чаму ён ставіць пад сумнеў забойства ў Срэбраніцы, Гандке знэрваваўся. Ён зачытаў фрагмэнт ліста, як сам сказаў, ад журналіста «New York Timesa». Аўтар напісаў: «Калі заўтра вы памраце, у другім сказе будзе напісана, што вы адмаўлялі генацыд. Вам гэта не замінае?».

— Цягам васьмі тыдняў ад абвяшчэньня Нобэля я атрымаў шмат лістоў. Адзін зь іх быў ананімны, у капэрце была туалетная папера з герогліфамі з г.. на. Мне больш блізкі такі спосаб камунікацыі, чым размова з вамі, — сказаў Гандке амэрыканскаму журналісту.

Журналіст са Швэцыі спытаў, як Гандке мае намер рэагаваць на плянаваныя ў аўторак пратэсты супраць уручэньня яму ўзнагароды.

— Ня ведаю, можа вы мне падкажаце, што я павінен рабіць? — сказаў пісьменьнік.

Пасьля ён дадаў, што такая ж сытуацыя зь ім адбылася некалькі гадоў таму ў Осла, калі яму ўручалі іншую прэмію.

— Я затрымаўся каля групы людзей, якія скандавалі: «Фашыст! Фашыст», але яны не жадалі са мною размаўляць. Дыскусія немагчымая", — сказаў Пэтэр Гандке.

У 1996 годзе Гандке напісаў тэкст пад назвай «Зімовае падарожжа на Дунай, Саву, Маравію і Дрыну або правасудзьдзе для Сэрбіі». Пісьменьнік паказаў у ім сэрбаў як ахвяраў грамадзянскай вайны, паводле крытыкаў, ён таксама падвяргае сумневу генацыд, які меў месца ў Срэбраніцы.

Гандке на пахаваньні Мілошавіча ў 2006 годзе назваў яго «даволі трагічным чалавекам». — Я ня ведаю праўду. Але я гляджу. Я адчуваю. Я памятаю. Вось чаму я тут, побач з Югаславіяй, побач з Сэрбіяй, побач са Слабаданам Мілошавічам, — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG