Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўская прэмія Пэтэру Гандке выклікае пратэсты


Пэтэр Гандке, 2016

Адразу пасьля абвяшчэньня Швэдзкай акадэміяй, што ляўрэатам Нобэлеўскай літаратурнай прэміі за 2019 год стаў аўстрыйскі пісьменьнік Пэтэр Гандке, пачуліся галасы пратэсту супраць гэтага рашэньня.

У прыватнасьці, рашэньне Швэдзкай акадэміі адносна Гандке пакрытыкавалі старшыня амэрыканскага ПЭН-клюбу Джэніфэр Іган, пісьменьнік Салман Рушдзі, філёзаф Славой Жыжэк.

Пра гэта паведамляе Gazeta Wyborcza, адзначаючы, што пад сумнеў ня ставяцца літаратурныя дасягненьні Гандке, а ягоныя публічныя погляды.

Гандке, адзначае газэта, і раней рабіўся аб’ектам крытыкі за свае выказваньні пра канфлікт у былой Югаславіі, у прыватнасьці, за тыя, у якіх ён ставіў пад сумнеў віну сэрбаў за генацыд у Босьніі ў сярэдзіне 1990-х. Гандке лічыў сэрбаў ахвярамі югаслаўскага канфлікту і некалі параўнаў іх лёс да лёсу габрэяў у часы Галакосту (за гэтае выказваньне ён пазьней выбачаўся).

У 2006 годзе Гандке зьявіўся на пахаваньні былога прэзыдэнта Сэрбіі Слабадана Мілошавіча. «Сьвет, так званы сьвет, ведае ўсё пра Югаславію, Сэрбію. Сьвет, так званы сьвет, ведае ўсё пра Слабадана Мілошавіча. Так званы сьвет ведае праўду. Вось чаму так званы сьвет сёньня адсутнічае, і ня толькі сёньня, і ня толькі тут. Я ня ведаю праўды. Але я гляджу. Я слухаю. Я адчуваю. Я памятаю. Вось чаму сёньня я тут, побач з Югаславіяй, побач з Сэрбіяй, побач з Слабаданам Мілошавічам», — сказаў Гандке на тым пахаваньні.

«Мы агаломшаныя выбарам пісьменьніка, які выкарыстоўваў свой статус публічнай асобы, каб аспрэчваць гістарычную праўду адкрыта падтрымліваць вінаватых у генацыдзе, такіх як сэрбскі прэзыдэнт Слабадан Мілошавіч і лідэр басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч», — заявіла Джэніфэр Іган.

Паводле Gazety Wyborczej, прысуджэньне Нобэлеўскай літаратурнай прэміі Пэтэру Гандке — з фармулёўкай «за ўплывовую працу, якая з мовазнаўчай вынаходлівасьцю дасьледуе пэрыфэрыю і своеасаблівасьць чалавечага досьведу» — падрывае «тэорыі змовы», паводле якіх гэтую прэмію даюць не за талент, а за паходжаньне пісьменьніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG