Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кругазварот мэталалому». Як уніфікацыя мыта з Расеяй паралізавала беларускі аўтарынак


Аўтарынак у Ждановічах, ілюстрацыйнае фота

Падчас перамоваў у пытаньнях «паглыбленьня інтэграцыі» 8 сьнежня найвышэйшыя кіраўнікі Расеі і Беларусі маюць заявіць пра ўніфікацыю заканадаўстваў у некалькіх галінах. Агулам гаворка пра два дзясяткі пратаколаў, якія прадугледжваюць падвядзеньне пад агульны шаблён адміністрацыйнай, падатковай, мытнай ды іншых сфэраў.

Чым на практыцы абарочваецца падобная ўніфікацыя з пазыцыі стратэгічных інтарэсаў Расеі, беларусы адчувалі неаднаразова. Адзін з самых балючых удараў саюзьнік нанёс у 2011 годзе па беларускім аўтарынку. Тады пад патрэбы Мытнага саюзу ўніфікавалі мыты на імпартаваныя легкавікі — як новыя, так і ўжываныя. У выніку цана найбольш запатрабаваных мадэляў вырасла на 100%.

І калі Масква загараджальнымі мерамі бараніла ўнутраных вытворцаў, то што рухала Беларусьсю, якая на той момант яшчэ ня мела такой вытворчасьці, не пазыцыянавала кітайскі брэнд Geely як «нацыянальны аўтамабіль»?

Прагнуліся пад расейскія нормы

Ілюстрацыйнае фота. Аўтарынак у Малінаўцы
Ілюстрацыйнае фота. Аўтарынак у Малінаўцы

Віцяблянін Валеры ў мінулым дасьведчаны «перагоншчык». Крыж на занятку, якія датуль яго карміў, пастаўлены 1 ліпеня 2011 году — у той дзень набылі моц новыя правілы мытнага афармленьня аўтамабіляў, увезеных з-за мяжы. Фактычна стаўкі проста падагналі пад расейскія нормы. І калі раней, згадвае ён, малалітражку з самым хадавым аб’ёмам рухавіка 1600 кубічных сантымэтраў можна было аформіць на мытні ў сярэднім за 600 эўраў, дык пасьля сума вырасла да 4000.

На машыны з больш магутнымі маторамі ў шэрагу выпадкаў лічба падскочыла наагул у 8-10 разоў. Так, афармленьне аўтамабіля з бэнзінавым рухавіком аб’ёмам 2 літры рванула з 800 да 9600 эўраў. У выніку аўтамабільная галіна апынулася ў ступары.

Спачатку новыя мытныя нормы плянавалі ўвесьці ў 2010-м, аднак ведамствы не пасьпелі падрыхтаваць заканадаўчую базу, і беларусы атрымалі год, каб закупіцца ў запас. І транспарту было ўвезена столькі, што многія дагэтуль ня могуць яго распрадаць. Агулам кажучы, падсумоўвае суразмоўца, апошнія восем гадоў адбываецца замкнёны «кругазварот мэталалому»: адна і тая ж машына пераходзіць з рук у рукі, альтэрнатыўнага прытоку няма.

«Няма падсілкаваньня звонку, „жалеза“ ходзіць кругам: купілі, паезьдзілі, перапрадалі сваім жа беларусам, — канстатуе Валеры. — Рынак не абнаўляецца, адпаведна аўтапарк з кожным годам старэе, ржавее, забіваецца. Зайдзіце на спэцыялізаваныя сайты — выбіраць няма з чаго. Калі нават штосьці і выскачыць, тут жа як галодныя ваўкі набягаюць „перакупы“, умомант забіраюць. Пытаньне ў тым, пасьпееш іх апярэдзіць ці не. Бо калі не, празь дзень новая цана на тую ж машыну, у паўтара раза вышэйшая».

Ступар у лягеры «перакупаў»

Аўтарынак у Ждановічах
Аўтарынак у Ждановічах

Аўтарынак у Ждановічах сустракае сумнымі гандлярамі і мінімумам пакупнікоў. Нават зь іхнага выгляду зразумела, што добрая палова — згаданыя перакупнікі. Прызнаюцца, што «палююць» на аб’явы, каб ухапіць нешта сьвяжэйшае. Але штораз рабіць гэта ўсё складаней — прыстойных варыянтаў усё меней. Суцэльнае ламачча, ставіць дыягназ прадавец 12-гадовай «Аўдзі» Васіль. У Нямеччыне, адкуль раней ганяў машыны на продаж, апошнім разам ён быў у тым самым 2011-м.

«Аўтамабіль, выраблены да 2000 году, які ў Эўропе ніхто ня купіць і за 200 эўра, у нас будзе каштаваць 3000, — эмацыйна падлічвае Васіль. — Там даўно жывуць у іншым рэжыме: 5 гадоў ад’езьдзіў — памяняй на новы. Паглядзіце: стаіць увесь хлам, завезены да 2011-га. Практычна няма сьвежых машын, якія можна было б набыць за 6-7 тысяч. Бо з доўбанай „растаможкай“ вылазіць у шалёныя грошы. Скажам, люксавая „Аўдзі“ 2015 году ў Нямеччыне стаіць за 5 тысяч эўра. А ў нас з усімі накладнымі і афармленьнем цэньнік адразу вырастае да 15 тысяч».

Перад тым як у Беларусі даведаліся, што Расея ўсё ж прымусіла ўніфікаваць мытныя стаўкі, пачаліся масавыя набегі на эўрапейскія рынкі. Калі ў звычайныя гады з-за мяжы штогод завозілася прыкладна 40 тысяч ужываных аўтамабіляў, за першую палову 2011-га лічба перавысіла 200 тысяч. Днямі й начамі стаялі на мяжы, каб пасьпець, — далучаецца аўтаўладальнік з Барысава, які марыць прадаць патрыманы «Форд Фокус».

«Некаторыя дурні купілі 10-12 машын — набралі крэдытаў, папрадавалі кватэры, спадзеючыся зарабіць, — згадвае ён. — І прагарэлі: рынак аказаўся перапоўнены, цэны ўпалі. Ня ведалі, куды падзець.

Цяпер іншая гісторыя. З Эўропы калі нешта і трапляе, то адзінкі. Раней гналі на продаж, сёньня вязе той, хто ня мае праблем з грашыма, хто сьвядома гатовы пераплаціць за «незабітую» адна-двухгадовую машынку. Браць танную ці нават сярэдняй катэгорыі, каб паезьдзіць і збыць, — ніякага сэнсу. Нават калі набудзеш за 2000 эўраў і пройдзеш мытню за 4000, яна стане 6000. А гэта ўжо «вісяк».

За арганізацыю аўтамабільнага ажыятажу беларусам давялося выслухаць порцыю крытыкі ад Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў землякоў у «выпампоўваньні валюты з краіны», што, на яго думку, стала адной з прычын валютнага крызісу.

Загараджальныя бар’еры дзеля «Джылі»

Беларуска-кітайскія аўтамабілі Geely, ілюстрацыйнае фота
Беларуска-кітайскія аўтамабілі Geely, ілюстрацыйнае фота

Зрэшты, цяпер беларусы вязуць валюту не на захад, а на ўсход. Па-першае, у багацейшых Маскве ці Санкт-Пецярбурзе яшчэ можна натрапіць на адносна сьвежыя замежныя машыны, некалі набытыя ў дылерскіх аўтасалёнах. Па-другое, на беларускія дарогі вярнуліся рэбрэндаваныя «Жыгулі» — у межах Эўразійскага эканамічнага саюзу «Лады» ня мусяць праходзіць мытню. Такім чынам, уніфікацыяй мыта перадусім скарысталася Расея.

«З аднаго боку, дапамагаем расейскаму аўтапраму, а зь іншага, у Беларусі зьявіўся свой вытворца, — гаворыць аўтааматар Валер, які прынцыпова дыстанцыюецца ад «саюзных» марак. — Ну як гэтае «фуфло» распрадаць у канкурэнтным рынку? «Джылі», «Саманды» ды ўсё іншае — хто іх купіць, калі ня будзе загараджальных бар’ераў? Нехта добраахвотна зірне на «Джылі», ды яшчэ за 15-20 тысяч баксаў? Ніколі! Як прымусіць набываць? Абмежаваць прыток сусьветных брэндаў з Эўропы, ЗША, Карэі, Японіі. І тады варыянтаў папросту няма: хочаш новае — набывай «Джылі» ці «Ладу».

Аргумэнтуючы неабходнасьць уніфікацыі мытнага збору, беларускі бок націскаў на станоўчы эфэкт — маўляў, у выніку гэта прывядзе да «амаладжэньня» аўтарынку. Часткова так і адбылося. У 2018 годзе зафіксаваны рэкордны рост продажаў новых машын — ажно на 53% у параўнаньні з папярэднім. Але калі прааналізаваць статыстыку, ільвіная частка прыпадае на мадэлі расейскай зборкі: імпарт з Расеі складае 84%, чаму спрыяе адсутнасьць мыта і прывабныя стаўкі крэдытаваньня.

Астатняя доля дзеліцца паміж «Джылі» і эўрапейскімі маркамі. У апошнім выпадку гэта невялікія аб’ёмы рухавіка і, адпаведна, адносна прымальнае мыта. Напрыклад, стаўка на машыны да 3 гадоў з маторам 1400 кубічных сантымэтраў цаной 8-10 тысяч эўраў складае 54% ад мытнага кошту, але ня меней за 2,5 эўра за кожны «кубік», гэта значыць, ня меней за 3500 эўраў (да 2011-га мыта на новы аўтамабіль было 0,6 эўра за см3). Такім чынам, агульная сума мытных сплатаў на гэтую катэгорыю вырасла ад 840 да 4320 эўраў (ад кошту) ці да 3500 эўраў (ад аб’ёму).

Бязмытны рай беларускіх аўтааматараў

Ілюстрацыйнае фота. Аўтамабілі ў чарзе на польска-беларускай мяжы
Ілюстрацыйнае фота. Аўтамабілі ў чарзе на польска-беларускай мяжы

Цяпер зь цяжкасьцю верыцца, што некалі беларусы наагул былі вызваленыя ад мытнай ачысткі. Паводле пастановы Савету міністраў Беларусі № 498 ад 29 сьнежня 1991 году ў мэтах задавальненьня патрэбаў насельніцтва «ад аплаты мытнай пошліны вызваляюцца грамадзяне, якія ўвозяць з-за мяжы тавары для асабістага карыстаньня, у тым ліку аўтамотатранспартныя сродкі».

Толькі ў верасьні 1993 году за ўвоз аўтамабіляў пачалі спаганяць грошы — дзеля справядлівасьці скажам, што досыць прымальныя. Згодна з абноўленай урадавай пастановай, транспартныя сродкі, набытыя за межамі Беларусі, «прапускаюцца пры выплаце мытнай пошліны ў памеры 0,1 даляра за 1 см3 рабочага аб’ёму цыліндру рухавіка». Іншымі словамі, незалежна ад матору і ўзросту аўтамабіля. Напрыклад, за 1,3-літровы рухавік трэба было заплаціць 130 даляраў, за 2-літровы — 200.

Потым тарыфы расьлі, але мытная ачыстка заставалася істотна меншай, чым у Расеі. З гэтай прычыны расейцы масава прыяжджалі па танныя аўтамабілі на менскія рынкі ў Малінаўцы і Ждановічах. Толькі стварэньне спачатку Мытнага, а потым Эўразійскага эканамічнага саюзу прысьпешыла ўніфікацыю на карысьць «старэйшага брата».

У выніку дадатковыя выдаткі пры набыцьці як новай, так і ўжыванай машыны — мыта, падатак на дададзеную вартасьць і г.д. — наблізіліся да кошту самога аўтамабіля. За першае паўгодзьдзе 2012-га ўвоз аўтатранспарту праз дзяржаўныя межы практычна спыніўся. Самастойна набываць легкавікі за мяжой страціла ўсялякі сэнс, усталявалася своеасаблівая мытная блякада на імпарт аўтамабіляў з трэціх краін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG