Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб падцерці нос Пуціну». Пра некалькі прычынаў настальгічнага візыту Лукашэнкі ў Бялград


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Цяперашні прыезд Лукашэнкі ў Сэрбію — гэта суцэльная настальгія па колішнім візыце ў Бялград у 1999 годзе.

Сьцісла:

  • Гандаль паміж Беларусьсю і Сэрбіяй адносна невялікі, прычым ён скарачаецца.
  • Беларуска-сэрбскія адносіны прайшлі даволі вялікую эвалюцыю.
  • Лукашэнка некалькі разоў падчас знаходжаньня у сэрбскай сталіцы зьвяртаўся да свайго візыту 1999 году, нагадваў пра свой «гераічны ўчынак».
  • Візыт у Бялград — гэта найперш псыхалягічная «падзарадка».

Гэта пяты візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Сэрбію (1998, 1999, 2009, 2014 гг.). Таксама адбыліся пяць візытаў лідэраў Сэрбіі ў Беларусь (1996, 2013, 2015, 2017, 2019 гг.).

Гандаль паміж дзьвюма краінамі адносна невялікі. У 2018 годзе тавараабарачэньне было на суму 148 млн даляраў, што на 38,2% менш за 2017 год. Прычым беларускі экспарт у Сэрбію скараціўся на 41%. То бок актыўны абмен візытамі прэзыдэнтаў мала ўплывае на эканамічныя сувязі.

Апошнімі гадамі хутка разьвіваецца супрацоўніцтва у сфэры ВПК. Беларусь перадае Сэрбіі восем самалётаў МіГ-29. Прычым Бялград плаціць толькі за іх мадэрнізацыю.

Таксама варта ўзгадаць, што найбуйнейшым дэвэлапэрам, самым актыўным гульцом на будаўнічым рынку Беларусі зрабілася сэрбская кампанія Dana Holdings, якая належыць братам Карычам. Яна будуе вялікі комплекс на тэрыторыі былога сталічнага аэрапорту, а таксама бізнэс-цэнтар на Кастрычніцкай плошчы.

Трэба адзначыць, што беларуска-сэрбскія дачыненьні прайшлі даволі вялікую эвалюцыю. Цяпер дзяржаўныя мэдыя Беларусі зь велізарным энтузіязмам апавядаюць, як Лукашэнка наведаў Сэрбію у 1999 годзе, калі яна была ў стане вайны з NATO і самалёты заходняй кааліцыі бамбілі Бялград. У той час афіцыйны Менск вёў палітычную, ідэалягічную, дыпляматычную вайну з Захадам. Тады Лукашэнка настойліва заклікаў Расею даць адпор «натаўскаму монстру», імкнуўся даказаць расейскаму грамадзтву, што ён большы абаронца славянскіх народаў, чым Барыс Ельцын, і, значыць, лепшы прэтэндэнт на крамлёўскі пасад.

Лукашэнка падтрымліваў югаслаўскага дыктатара Слобадана Мілошавіча нават пасьля таго, як той быў зрынуты народнай рэвалюцыяй 2000 году, кляйміў яе лідэраў як «заходніх наймітаў». Ня дзіва, што ў 2001–2012 гадах беларуска-сэрбскія адносіны былі прахалоднымі. У 2012 годзе Сэрбія далучылася да санкцыяў Эўразьвязу супраць афіцыйнага Менску.

Таксама для Сэрбіі важна, што Беларусь не прызнала незалежнасьці Косава.

Увесь цяперашні візыт — гэта суцэльная настальгія па тым візыце ў Бялград у 1999 годзе. Ён некалькі разоў, будучы ў сэрбскай сталіцы, зьвяртаўся да той пары, нагадваў пра свой тагачасны прыезд. «Тады ніхто ня думаў пра тое, што мы зьдзяйсьняем нейкі гераічны ўчынак», — сьціпла адзначыў ён, мімаходзь вывеўшы сябе ў героі.

Лукашэнку можна зразумець. Тады ён быў сапраўдным. Усё было проста і ясна — дзе вораг, а дзе сябар. Ня трэба было прыкідвацца, падстройвацца пад Захад, апраўдвацца за парлямэнцкія выбары. Цяпер жа ўсё ўскладнілася.

Другі момант. Лукашэнка добра разумее, што ў Беларусі ён ужо, скажам мякка, ня вельмі папулярны. Для прывыклага да народнай любові гэта асабістая трагедыя. Але ёсьць краіна, дзе ён сапраўды карыстаецца любоўю за той, як лічаць сэрбы, «гераічны ўчынак» 1999 году. Другой такой краіны ў сьвеце няма. Невыпадкова яго запрасілі выступіць у парлямэнце. Ня так шмат месцаў на зямлі, дзе ён адпачывае душой. Таму такія шчодрыя ўзаемныя камплімэнты прэзыдэнтаў Беларусі і Сэрбіі. Гэта найперш псыхалягічная падзарадка. Дзеля аднаго гэтага варта было прыехаць у Бялград.

І яшчэ. Наступным днём, 4 сьнежня, прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч сустракаецца ў Сочы з Пуціным. Дык вось цяперашні шырока рэклямаваны беларускімі дзяржаўнымі СМІ візыт Лукашэнкі ў Бялград — гэта ў пэўным сэнсе спосаб, умоўна кажучы, падцерці нос прэзыдэнту Расеі. Кім быў Пуцін у красавіку 1999 году, калі Лукашэнка ўжо учыняў «гераічныя учынкі»? Ды нікім. І звалі яго ніяк. Няхай трохі задумаецца над гэтым перад 7 сьнежня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG