Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Азэрбайджану вырашыў самараспусьціцца


Парлямэнт Азэрбайджану, архіўнае фота

Парлямэнт Азэрбайджану 2 сьнежня прыняў зварот да прэзыдэнта Ільхама Аліева з прапановай аб самароспуску і правядзеньні ў краіне пазачарговых парлямэнцкіх выбараў.

За прыняцьце гэтага рашэньня прагаласавалі 99 дэпутатаў, адзін дэпутат прагаласаваў супраць, яшчэ адзін дэпутат ўстрымаўся.

Перад галасаваньнем віцэ-сьпікерка парлямэнту Бахар Мурадава і сьпікер Актай Асадаў зачыталі дэпутатам зварот кіруючай партыі краіны «Новы Азэрбайджан». Там гаварылася пра неабходнасьць «абнаўленьня» парлямэнту і пра тое, што кадравыя зьмены ў органах улады «станоўча ацэньваюцца народам».

Паводле закону, чарговыя парлямэнцкія выбары ў Азэрбайджане мусілі адбыцца ўвосень 2020 году. Пры гэтым большасьць месцаў у парлямэнце Азэрбайджану — 70 з 125 — займае тая ж кіроўная партыя. Яе сябрам ёсьць і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў.

Прычыны роспуску

На думку юрыста і экспэрта ў выбарах Анара Мамедлі, сапраўднай прычынай самароспуску парлямэнту можа быць палітычны крызіс унутры самой улады. «Мы жывем у краіне, у якой няма празрыстасьці ў палітыцы, і мы ня ведаем, што адбываецца ўнутры ўлады», — кажа Мамедлі.

Яшчэ адна магчымая прычына роспуску, на думку Мамедлі, тое, што ў Азэрбайджане надыходзяць цяжкія часы. Ня выключаная новая дэвальвацыя нацыянальнай валюты, ёсьць іншыя прычыны, здольныя актывізаваць пратэставыя настроі.

На думку Мамедлі, гэты парлямэнт цалкам кантралявала ўлада, і яна будзе імкнуцца і надалей не дапускаць на выбары апазыцыйных кандыдатаў.

Аднак палітычны аналітык Рашад Шырын дапускае, што роспуск парлямэнту можа прывесьці да пераменаў.

«Цяжка сказаць, ці пройдзе ў парлямэнт апазыцыя. У нас мажарытарная сыстэма, але дапускаю, што гэтыя выбары могуць быць іншымі, бо людзі ўжо больш настроеныя на зьмены ў краіне, — кажа ён. — Гэтыя нечарговыя парлямэнцкія выбары могуць змабілізаваць і людзей, і партыі».

Ці гатовая апазыцыя?

Кіраўнік апазыцыйнай партыі «Рэспубліканская альтэрнатыва» Ільгар Мамедаў назваў роспуск парлямэнту гістарычным шанцам для апазыцыі і для народу. На ягоную думку, будучыя парлямэнцкія выбары ў залежнасьці ад волі людзей альбо зробяць краіну канчаткова дынастычнай, альбо дэмакратычнай.

«Мы заклікаем усе палітычныя партыі ўдзельнічаць у выбарах і самі прымем у іх удзел», — заявіў палітык.

Алі Керымлі, лідэр апазыцыйнай Партыі Народнага Фронту Азэрбайджану, заявіў, што ўлада спрабуе падаць адстаўку парлямэнту як частку рэформаў, але антызаходняя рыторыка ўлады паказвае, што ніякіх рэформаў няма. Керымлі заявіў, што ягоная партыя пакуль не прыняла рашэньня аб удзеле ў гэтых выбарах.

Што кажуць людзі?

У сацыяльных сетках раней навіну аб самароспуску парлямэнту сустрэлі са скепсісам або з гумарам.

«Прапаную прызначыць парлямэнтам Мікаіла Джабарава», — піша карыстальнік Тэймур. Джабараў вядомы тым, што ў апошнія гады ўзначальваў па чарзе некалькі важных ведамстваў і міністэрстваў.

«Калі ў кожныя выбары туды прыходзяць тыя ж людзі, навошта марнаваць лішнія грошы? Хай пакінуць іх там на 20 гадоў, дый годзе», — лічыць Назім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG