Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісію ўпершыню ў гісторыі ўзначаліла жанчына


Новая Эўракамісія

1 сьнежня афіцыйна прыступіў да працы новы склад Эўрапейскай камісіі на чале з прадстаўніцай Нямеччыны Урсулай фон дэр Ляен. Яна стала першай у гісторыі жанчынай на пасадзе кіраўніка Эўракамісіі.

На пасадзе старшыні Рады ЭЗ — свайго роду «прэзыдэнта Эўразьвязу», які, зрэшты, мае абмежаваныя паўнамоцтвы, — Дональда Туска змяніў былы прэм’ер-міністар Бэльгіі Шарль Мішэль.

Эўракамісія — галоўны выканаўчы орган Эўразьвязу. Яна распрацоўвае агульнаэўрапейскае заканадаўства, а таксама сочыць за тым, як краіны ЭЗ выконваюць дзейныя нормы. Эўракамісія абраная тэрмінам на 5 гадоў — да 2024 году.

Яе склад на мінулым тыдні быў зацьверджаны Эўрапарлямэнтам. У падтрымку новага складу камісіі прагаласавалі 461 дэпутат супраць 157. У яе склад увайшлі прадстаўнікі трох найбуйнейшых эўрапейскіх партыйных аб’яднаньняў — правацэнтрысты, левацэнтрысты і лібэралы. Левыя і правыя папулісты і эўраскептыкі былі супраць, зялёныя пры галасаваньні ўстрымаліся.

У складзе камісіі 27 чалавек — прадстаўнікі ўсіх краін-удзельніц ЭЗ, акрамя Вялікабрытаніі, якая рыхтуецца да выхаду з Эўразьвязу. Лёндан адмовіўся прызначаць свайго прадстаўніка, хоць ЭЗ яго да гэтага заклікаў.

Урсулі фон дэр Ляен 61 год, яна прадстаўніца нямецкіх хрысьціянскіх дэмакратаў, палітычная саюзьніца Ангелы Мэркель. Раней была міністрам абароны Нямеччыны. Яна стала кампрамісным кандыдатам на пасаду кіраўніка Эўракамісіі пасьля таго, як выбары ў Эўрапарлямэнт вясной сёлета ня выявілі выразнага пераможцы. Яе першым намесьнікам стаў сацыяліст зь Нідэрляндаў Франс Тымэрманс, а зьнешнепалітычнае ведамства ўзначаліў Жазэп Барэль, сацыяліст з Гішпаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG