Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіпрскія СМІ паведамілі пра пазбаўленьне «Алега Дзерыбаскі» грамадзянства Кіпру


Алег Дзерыпаска

Кіпрская газэта Πολιτησ​ (Politis) раскрыла імёны некалькіх расейцаў, пазбаўленых грамадзянства Кіпру пасьля таго, як да іх узьніклі «эканамічныя пытаньні».

Сярод гэтых людзей названы «Алег Дзерыбаска», а таксама ягоны сын і дачка. «Дзерыбаскам» можа быць расейскі мільярдэр Алег Дзерыпаска, які, паводле Forbes, уваходзіць у лік 600 найбагацейшых жыхароў Зямлі і валодае багацьцем на $3,8 млрд. Ён атрымаў грамадзянства Кіпру ўвесну 2018 году ў абмен на інвэстыцыі ў эканоміку краіны.

Першы раз ён падаваў заяву ў 2016 годзе, але ўрад Кіпру адмовіў яму у сувязі з расьсьледаваньнем пра адмываньне грошай, якое тады ішло ў Бэльгіі ў дачыненьні да Дзерыпаскі. Пазьней бізнэсовец падаў ліст ад уладаў Бэльгіі, што «справа адпраўлена ў архіў праз брак доказаў». У сакавіку 2017 году Дзерыпаска зноў падаў заяву на грамадзянства Кіпру, і яе ўхвалілі.

Пашпарт Кіпру дазваляе бязь візаў наведваць краіны Эўразьвязу. Для атрыманьня «інвэстыцыйнага» грамадзянства неабходна ўкласьці 2 мільёны эўраў у нерухомасьць краіны або 2,5 мільёна эўраў у кампаніі ці дзяржаўныя аблігацыі. Прадстаўнікі Дзерыпаскі, камэнтуючы ягоны кіпрскі пашпарт, заяўлялі, што у таго «шырокае кола бізнэс-інтарэсаў», якое «прадугледжвае неабходнасьць пастаянных перамяшчэньняў па сьвеце».

У пачатку лістапада ўлады Кіпру абвясьцілі, што адклічуць некалькі пашпартоў, выдадзеных іншаземцам у абмен на інвэстыцыі. Прозьвішчы тады не называліся, але СМІ высьветлілі, што грамадзянства пазбавіліся дзевяць расейцаў, восем камбаджыйцаў, пяць кітайцаў, два кенійцы, адзін іранец і адзін малайзіец. Кіпрскія пашпарты забралі таксама ў іхных сямейнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG