Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Сянцоў у Эўрапарлямэнце атрымаў прэмію Сахарава


Алег Сянцоў у Страсбуры, 26 лістапада 2019 году
Алег Сянцоў у Страсбуры, 26 лістапада 2019 году

На пленарным пасяджэньні Эўрапарлямэнту ў Страсбуры 26 лістапада адбылася цырымонія ўручэньня прэміі імя Андрэя Сахарава ўкраінскаму рэжысёру і актывісту Алегу Сянцову, нядаўна вызваленаму з расейскай калёніі.

Выступаючы перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту, Сянцоў сказаў, што разглядае прэмію не як узнагароду для яго асабіста, але і для ўкраінскіх палітвязьняў у Расіі, у кантраляваных сэпаратыстамі раёнах Данбасу, а таксама для ўкраінскіх актывістаў і вайскоўцаў.

Прэмія Сахарава — галоўная ўзнагарода Эўразьвязу ў галіне правоў чалавека — была прысуджана Сянцову ў мінулым годзе, калі ён знаходзіўся ў зьняволеньні ў расейскай калёніі. Сянцоў, які жыў у Крыме, пасьля анэксіі паўвостраву быў арыштаваны расейскімі ўладамі і асуджаны на 20 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў. Ён адмаўляў віну, сьцьвярджаючы, што яго і яго таварышаў перасьледуюць за праўкраінскую пазыцыю.

Асаблівую вядомасць, у тым ліку ў Эўропе, яму прынесла галадоўка, якую ён трымаў у мінулым годзе з патрабаваньнем вызваліць ўкраінскіх палітвязьняў у Расеі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Сянцова вязьнем сумленьня.

Эўрапарлямэнт вырашыў прысудзіць яму прэмію імя савецкага акадэміка і дысыдэнта Андрэя Сахарава «ў знак прызнаньня яго мірнага пратэсту супраць незаконнай акупацыі ягонага роднага Крыму».

Прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава штогод уручае Эўрапарлямэнт. У 2006 годзе гэтай прэміяй быў уганараваны былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG