Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гішпанія расьсьледуе магчымую датычнасьць Расеі да рэфэрэндуму ў Каталёніі


Акцыі ў падтрымку незалежнасьці Каталёніі, Барсэлёна, 20 кастрычніка 2019 году

Вышэйшы суд Гішпаніі ў Мадрыдзе пачаў расьсьледаваньне аб магчымым дачыненьні расейскіх спэцслужбаў да падтрымкі рэфэрэндуму за незалежнасць Каталоніі два гады таму. Пра гэта паведамляюць гішпанскія СМІ.

Справа даручана галоўнаму камісарыяту інфармацыі Нацыянальнай паліцыі краіны. Гэтае падразьдзяленьне адказвае за барацьбу з тэрарызмам. Абставіны расьсьледаваньня трымаюцца ў сакрэце.

Паводле дадзеных газэты El Pais, эўрапейскія спэцслужбы нібыта валодаюць «праўдападобнай інфармацыяй» аб сакрэтнай падтрымцы Масквой каталёнскага сэпаратызму. Крыніцы выданьня сьцьвярджаюць, што да падтрымкі прыхільнікаў незалежнасьці датычнае элітнае падразьдзяленьне 29155 ГРУ, вайсковай выведкі Расеі. Выведка шэрагу краін зьвязвае гэтае падразьдзяленьне з дэстабілізацыяй становішча ў Эўропе, у прыватнасьці, у Чарнагорыі і Малдовы. The New York Times пісала, што супрацоўнікі гэтага падразьдзяленьня мелі дачыненьне да атручваньня ў Вялікабрытаніі былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі. Крэмль гэтыя сьцьвярджэньні адпрэчыў.

Газэта таксама піша, што Віктар Тэрадельяс — прадстаўнік былога лідэра Каталёніі Карлэса Пудждэмона — распавядаў пра сустрэчу зь нейкімі прадстаўнікамі расейскіх уладаў неўзабаве пасьля рэфэрэндуму аб незалежнасьці аўтаноміі. Па словах Тэрадельяса, расейцы нібыта абяцалі падтрымку Каталёніі. Нейкіх дакумэнтальных доказаў сустрэчы El Pais не прыводзіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG